У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

17 Сак 2020

Штодзень у аэрапорце Мінск больш за 150 чалавек праходзяць лабараторныя абследаванні на каранавірус

Штодзень у аэрапорце Мінск больш за 150 чалавек праходзяць лабараторныя абследаванні на каранавірус

17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Штодзень ад 150 да 230 чалавек праходзяць лабараторныя абследаванні на наяўнасць каранавіруснай інфекцыі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Аб гэтым журналістам паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Хомчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У пунктах санітарна-каранціннага кантролю аэрапорта кругласутачна працуюць супрацоўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы і лабараторыі. Арганізавана два стацыянарныя пункты - для пасажыраў з СНД і грамадзян іншых краін. У час пік могуць быць дадаткова створаны адзін-два мабільныя пункты па ўзяцці біялагічнага матэрыялу. У дзень правяраем ад 150 да 230 чалавек у залежнасці ад пасажырапатоку", - сказала Кацярына Хомчанка.

Кацярына Хомчанка

Цяпер у аэрапорце ўзмоцнены санітарна-эпідэміялагічны кантроль. Арганізавана двайная цеплавізійная праверка прыбываючых людзей: спачатку на борце самалёта, затым у зоне аэравакзальнага комплексу. У распараджэнні супрацоўнікаў санітарна-каранціннага пункта ёсць бескантактавыя тэрмометры: імі карыстаюцца для больш дакладнага вызначэння тэмпературы чалавека, у якога цеплавізары зафіксавалі яе павышэнне.

Людзі, якія прыляцелі з Італіі, Ірана, Кітая і Паўднёвай Карэі, абавязкова запаўняюць анкеты. Яны пазначаюць, адкуль канкрэтна прыбылі, дзе да гэтага знаходзіліся, пакідаюць кантактныя даныя, а таксама сдаюць аналізы. Інфармацыя паступае супрацоўнікам каранціннага пункта. Яны апрацоўваюць даныя анкет і накіроўваюць пісьмы ў рэгіёны, у якіх адзначаюць неабходнасць медыцынскага нагляду за канкрэтным чалавекам. Кацярына Хомчанка звярнула ўвагу: у аэрапорце здаць аналізы можна толькі да атрымання багажу ў час праходжання мытнага кантролю.

Людзі, што прыехалі ў Беларусь з гэтых чатырох краін, якія не паспелі або не змаглі здаць аналізы ў аэрапорце, але адчуваюць сябе здаровымі, могуць зрабіць гэта пазней у гарадской клінічнай інфекцыйнай або дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцах. Калі чалавек захварэў, яму трэба праінфармаваць участковую паліклініку, выклікаць хуткую. Пры неабходнасці пацыента шпіталізуюць.

Пасля прылёту самалёта з Франкфурта-на-Майне ў каранцінным пункце шматлюдна: многія праяўляюць свядомасць і адразу правяраюцца. Адна з іх - магіляўчанка Ніна. "Я прыляцела з Вялікабрытаніі - краіны са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй. На мой погляд, кожны павінен праявіць свядомасць і здаць аналізы. Я сама выказала жаданне прайсці кантроль, таму што дбаю аб здароўі сваіх блізкіх і ўсяго асяроддзя. Тым больш што запаўненне анкеты і здача аналізаў займаюць усяго пару мінут", - сказала яна.

Гэтак жа зрабіла і мінчанка Любоў, якая вярнулася з Франкфурта-на-Майне. "Цяпер нам усім трэба быць максімальна адказнымі, - лічыць яна. - Калі можна, то сядзець дома, берагчы сябе і блізкіх. Агляд - гэта вельмі хутка і проста. Але нават калі было б складана, усё роўна гэта таго варта".

На тэрыторыі аэрапорта для мінімізацыі выпадкаў завозу інфекцыі рэгулярна праводзіцца прыбіранне з выкарыстаннем дэзынфіцыруючых сродкаў па віруліцыдным рэжыме. Асаблівая ўвага ўдзяляецца месцам найбольшага скопішча людзей - залам чакання і санвузлам.

Дадаткова на тэрыторыі аэрапорта ўстаноўлены санітайзеры, каб кожны пасажыр мог пасля прылёту або да вылету апрацаваць рукі. У шматлюдных месцах можна знайсці рэцыркулятары - абеззаражвальныя ўстройствы для дэзынфекцыі паветра.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс