22 сакавіка, Лагойскі раён /Кар. БЕЛТА/. У Хатыні на свае вочы адчуваеш звярыны выскал нацызму. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" у час мерапрыемстваў, прысвечаных 82-й гадавіне з дня трагедыі беларускай вёскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяжка сёння ўявіць, бываючы тут, нават складана ўявіць, што адчувала маці, якая была закрыта ў гэтым гумне, і не адна, якая разумела, што не зможа абараніць сваё дзіця, і што адчувалі тыя людзі, сваякі, якія прыходзілі на гэтыя папялішчы ў першыя пасляваенныя гады ў надзеі знайсці нейкія сляды сваякоў. Гэта трэба помніць. Трэба цаніць мір і цаніць сваіх родных і блізкіх", - сказаў Ігар Сергяенка.
Паводле яго слоў, памяць можна захаваць, бываючы ў такіх мясцінах, расказваючы аб гэтым моладзі. Гэта памяць павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. "Хатынь - гэта памяць і адначасова боль. Мы прыходзім сюды, каб пакланіцца памяці людзей, якія загінулі ў горане вайны, якія былі знішчаны ў гэтым гумне, спалены жывымі. Тут на свае вочы адчуваеш гэты звярыны выскал нацызму", - падкрэсліў Ігар Сергяенка.
Сёння адкрываюцца новыя факты - не менш за 288 населеных пунктаў падзялілі лёс Хатыні. "Важна за гэтым аб'ёмам інфармацыі, за гэтымі лічбамі не ўпусціць галоўнае - разуменне асабістай трагедыі мільёнаў нашых суайчыннікаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны", - рэзюмаваў спікер.