У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

6 Кст 2016

Рыбакоў: Беларуска-індыйскія адносіны дынамічна развіваюцца ва ўсіх сферах

Рыбакоў: Беларуска-індыйскія адносіны дынамічна развіваюцца ва ўсіх сферах

6 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларуска-індыйскія адносіны дынамічна развіваюцца ва ўсіх сферах. Аб гэтым 6 кастрычніка заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў на прыёме з нагоды Дня Праграмы індыйскага тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва (ITEC), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Намеснік міністра асабліва падкрэсліў, што гэта мерапрыемства праводзіцца на фоне актыўнага ўзаемадзеяння Беларусі і Індыі па розных напрамках і двухбаковых адносін, якія дынамічна развіваюцца. "У наступным годзе нашы краіны адзначаць 25-годдзе ўстанаўлення дыпадносін - чвэрць стагоддзя вельмі сардэчнай дружбы і шматпланавага партнёрства", - сказаў Валянцін Рыбакоў.

Ён адзначыў, што 25 гадоў - гэта параўнальна невялікі гістарычны перыяд, аднак глыбіня дружбы, як сцвярджае адзін з вядомых індыйскіх паэтаў, не залежыць ад працягласці знаёмства. "За кароткі перыяд Беларусь і Індыя змаглі стварыць трывалыя падставы для супрацоўніцтва, двухбаковую нарматыўна-прававую базу, стварылі неабходныя міжурадавыя механізмы і рэалізавалі шматлікія сумесныя праекты ў сферах гандлю, інвестыцый, навукі і адукацыі", - падкрэсліў намеснік міністра.

Паводле слоў Валянціна Рыбакова, сур'ёзны імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву быў нададзены ў выніку мінулага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Індыі Пранаба Мукерджы. Тады лідары дзвюх краін зацвердзілі дарожную карту беларуска-індыйскага супрацоўніцтва, у якой гаворыцца аб прыхільнасці абодвух бакоў да паглыблення ўзаемадзеяння ў розных сферах.

Намеснік міністра таксама падкрэсліў важнасць развіцця чалавечых кантактаў паміж дзвюма краінамі, што з'яўляецца асновай паспяховага міждзяржаўнага партнёрства. На гэта ў тым ліку накіравана праграма ITEC, да якой Беларусь далучылася з 1993 года. Валянцін Рыбакоў выказаў удзячнасць індыйскаму боку за квоты, што выдзяляюцца Беларусі ў рамках гэтага механізма.

Валянцін Рыбакоў асабліва адзначыў, што ITEC з'яўляецца не толькі платформай для атрымання ведаў і дадатковай адукацыі, але таксама дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з людзьмі і культурамі розных краін свету. Такім чынам, гэта праграма садзейнічае развіццю супрацоўніцтва не толькі паміж Беларуссю і Індыяй, але і ў цэлым актывізацыі дружбы паміж рознымі нацыямі.

У цэлым намеснік міністра цёпла адазваўся аб Індыі, назваўшы гэты прыём сустрэчай сяброў і саюзнікаў. Ён таксама адзначыў, што з Індыяй у тым ліку звязаны пачатак яго прафесійнай дзейнасці ў дыпламатычнай сферы.

У сваю чаргу пасол Індыі ў Беларусі Саксена Панкадж падзякаваў Валянціну Рыбакову і іншым супрацоўнікам беларускага знешнепалітычнага ведамства, а таксама шматлікім гасцям за ўдзел у мерапрыемстве. "Гэта пацвярджае папулярнасць праграмы сярод беларускіх сяброў", - сказаў ён. Дыпламат прывёў даныя, што з моманту далучэння Беларусі да праграмы ў ёй змаглі прыняць удзел больш як 270 грамадзян краіны.

Праграма індыйскага тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва МЗС Рэспублікі Індыя (Indian Technical and Economic Cooperation, ITEC) была ініцыіравана ў адпаведнасці з рашэннем урада Індыі 15 верасня 1964 года ў якасці праграмы дапамогі, што аказваецца Індыяй іншым краінам на двухбаковай аснове.

У рамках ITEC прадстаўнікі са 156 краін свету запрашаюцца на курсы павышэння кваліфікацыі ў розныя навучальныя ўстановы Індыі.

Пачынаючы з 1993 года індыйскі ўрад штогод выдзяляе гранты для Рэспублікі Беларусь па Праграме індыйскага тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва на праходжанне стажыровак у Індыі па розных напрамках, уключаючы моўную падрыхтоўку, менеджмент, парламентарызм, аўдыт, банкаўскую справу, адукацыю, журналістыку, некаторыя тэхнічныя і эканамічныя навукі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс