1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканомікі Беларусі і Інданезіі шмат у чым узаемадапаўняльныя, а патэнцыял супрацоўніцтва вельмі высокі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Інданезіі Раман Раманоўскі.
"Беларусь і Інданезія знаходзяцца ў розных геаграфічных рэгіёнах, нас раздзяляюць тысячы кіламетраў, але агульных інтарэсаў значна больш, чым можа здацца на першы погляд. Эканомікі Беларусі і Інданезіі шмат у чым узаемадапаўняльныя, а патэнцыял супрацоўніцтва вельмі высокі. Па сутнасці, нашы краіны толькі пачынаюць адкрываць адна адну", - адзначыў Раман Раманоўскі.
Паводле яго слоў, Беларусь прадстаўляе інтарэс для Інданезіі як высокатэхналагічная краіна, якая гатова прапанаваць свае кампетэнцыі па шэрагу напрамкаў. Напрыклад, у сферы харчовай бяспекі.
"Насельніцтва Інданезіі імкліва расце, і Беларусь гатова пастаўляць на інданезійскі рынак шырокі спектр прадуктаў харчавання, якія адпавядаюць халяльным патрабаванням. Наша краіна вырабляе сельскагаспадарчую тэхніку, якая можа дапамагчы Інданезіі ў працэсе механізацыі сельскай гаспадаркі. Гэтай сферы кіраўніцтвам краіны ўдзяляецца павышаная ўвага", - падкрэсліў дыпламат.
Сур'ёзны патэнцыял заключаецца ў развіцці прамысловай кааперацыі, стварэнні зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі. "Гэта поўнасцю ўпісваецца ў палітыку індустрыялізацыі, якую праводзяць інданезійскія ўлады", - сказаў кіраўнік беларускай дыпмісіі.
Беларускія ВНУ адкрыты для супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для мадэрнізацыі інданезійскай эканомікі. Прычым размова ідзе не толькі аб тэхнічных спецыяльнасцях, але і аб навучанні медыцынскага персаналу.
"У сваю чаргу, Інданезія прадстаўляе для нас інтарэс тым, што гэта буйнейшая краіна Паўднёва-Усходняй Азіі, кропкай уваходу на шырокі рынак Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі. Яна валодае, з аднаго боку, ёмістым унутраным рынкам, а з другога - з'яўляецца адным з вядучых сусветных вытворцаў такіх запатрабаваных у Беларусі тавараў, як пальмавы і какосавы алей, рыба і морапрадукты, электраабсталяванне, абутак і тэкстыль", - заўважыў Раман Раманоўскі.
Ён дадаў, што дадатковыя перспектывы адкрыюцца перад бізнес-супольнасцямі дзвюх краін пасля фарміравання зоны свабоднага гандлю паміж Інданезіяй і краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза за кошт зніжэння мытных пошлін і ўстаранення нетарыфных бар'ераў у гандлі.