Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

31 Май 2023

"Опера - найвышэйшае музычнае мастацтва". Ніна Ламановіч пра хор Вялікага тэатра і любімыя пастаноўкі


Фота з архiва

Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Беларусі 25 мая споўнілася 90 гадоў. Галоўная музычная і тэатральная сцэна краіны не перастае радаваць гледачоў новымі пастаноўкамі, і ўсё дзякуючы таленавітым людзям, якія там працуюць. Сярод іх - і галоўны хормайстар тэатра Ніна Ламановіч. Карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляла з ёю і даведалася, чаму яна выбрала оперу і як на працягу столькіх гадоў заўсёды знаходзіла матывацыю прысвячаць сябе мастацтву.

- Як вы звязалі сваё жыццё з музыкай і трапілі ў тэатр?

- Спачатку я вучылася ў музычнай школе, потым прадоўжыла вучобу на дырыжорска-харавым аддзяленні Гомельскага музычнага вучылішча імя Нестара Сакалоўскага (цяпер - Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Сакалоўскага. - Заўвага БЕЛТА), а пасля паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Там маім педагогам стаў народны артыст Беларусі, галоўны хормайстар Вялікага тэатра Аляксей Пятровіч Кагадзееў. На трэцім курсе ён запрасіў мяне ў тэатр. Тады тут ставілася опера Вагнера "Лаэнгрын", у якой, як вядома, вялікія харавыя сцэны, таму дапамога яшчэ аднаго хормайстра была неабходна. Пасля атрымання дыплома я засталася служыць у тэатры. Сямнаццаць гадоў працавала адным з хормайстраў, а з 1993 стала галоўным хормайстрам Вялікага тэатра.

- Ваша сям'я не была звязана з музыкай? 

- Не. Мой бацька быў кадравым ваенным, а маці працавала настаўнікам фізікі і матэматыкі.

- Чаму вы выбралі оперу?

- Да паступлення ў Гомель я жыла ў Мазыры і бачыла оперу толькі па тэлевізары. Але калі я паступіла ў Гомельскае музычнае вучылішча, то сустрэла цудоўнага педагога - Пятра Фёдаравіча Кірэйцава, які ў праграму па дырыжыраванні ўстаўляў харавыя сцэны з опер. Тады мяне і захапіла оперная музыка.

Я лічу оперу найвышэйшым музычным і тэатральным жанрам, і ўпэўнена, што чалавечы голас можа перадаць самыя тонкія адценні эмоцый так, як не можа ніводны выяўленчы сродак іншых відаў мастацтва. У мяне былі прапановы працаваць у іншых харавых калектывах, але я не ўяўляю сябе без Вялікага тэатра.

- А што самае складанае ў вашай рабоце?

- У маёй рабоце дастаткова складанасцей. Калі, напрыклад, параўноўваць работу хормайстра і дырыжора, то першая мне здаецца больш цяжкай. Бо інструмент, якім кіруюць хормайстры - гэта чалавечыя галасы. Сёння голас можа гучаць, а заўтра не. Сёння чалавек можа быць у добрым настроі, а заўтра ў дрэнным. А ў час спектакля могуць адбыцца розныя нечаканасці. Гэта заўсёды невялікі стрэс.

- Напэўна ў калектыве бываюць розныя канфлікты. Як вы спраўляецеся з імі?

- Няма нічога цяжэйшага за работу з людзьмі. Нягледзячы на тое, што кожны чалавек - гэта індывідуальнасць з уласным меркаваннем, я павінна захапіць артыстаў хору прапанаванай музыкай і дабіцца пастаўленай творчай мэты. Пажадана ў калектыве хору нікога не вылучаць. Хоць кіраўнік можа мець вялікую сімпатыю да некага з артыстаў, хор - гэта калектыўная творчасць. Акрамя таго, кіраўнік павінен быць крыху псіхолагам і выхавальнікам, таму што людзі - вельмі тонкі матэрыял. Неабходна нават у самых складаных сітуацыях знаходзіць агульную мову.

 - Якія патрабаванні ў вас да тых, хто прыходзіць на праслухоўванне ў хор?

- Мы стараемся запрашаць спевакоў не старэйшых за 30 гадоў, для таго каб яны раней уваходзілі ў рэпертуар, які ў нашым тэатры даволі вялікі. Каля 30 опер - на мове арыгіналу. А чым маладзейшы чалавек, тым лепш ён усё запамінае. Вельмі важна звяртаць увагу на якасць голасу, яго сілу і дыяпазон. Таксама артысту пажадана мець добрую сцэнічную знешнасць.

- Ці шмат новых артыстаў спрабуе трапіць у оперны хор? 

- Цяпер вельмі складана з кадрамі, таму што служыць у тэатры даволі цяжка: занятасць вялікая, а зарплата - як і ў іншых калектывах, што, з майго пункту гледжання, зусім недапушчальна. Сёння маладыя людзі хочуць адразу атрымліваць шмат, але не заўсёды гэта магчыма. У тэатры не проста працуюць, а служаць. Раніцай рэпетыцыі, увечары спектакль, гэта цяжкая праца, якую вытрымліваюць далёка не ўсе.

- Ці часта артысты пакідаюць хор і становяцца салістамі?

- Каб быць салістам, патрэбны адпаведныя вакальныя даныя і асаблівая псіхафізіка. Але гэта не значыць, што галасы ў хоры больш сціплыя. Многім падабаецца ў хоры, таму што ў ім заўсёды ёсць падтрымка. Вядома, я перажываю, калі артыст хору пакідае калектыў, таму што кадры мы рыхтуем з вялікай стараннасцю. Каб вывучыць наш рэпертуар, патрэбны не адзін год, таму расставацца цяжка. Але калі спявак дабіваецца сольнай кар'еры, то я радуюся за яго.

- Хормайстар рыхтуе харавую партытуру оперы ў спектаклях, але спектакль вядзе дырыжор. Наколькі важна яго роля ў паспяховым выступленні?

- Як гаварыў галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандр Анісімаў, дырыжор можа ўсю работу хормайстра палепшыць і ўсю работу хормайстра проста забіць. Вядома, з дырыжорам трэба ўмець дагаворвацца. Калі дырыжор чулы і прыслухоўваецца да просьбаў і заўваг хормайстра, то гэта вялікая радасць. Але, зразумела, работа хормайстра пры падрыхтоўцы спектакля таксама мае каласальную важнасць. Дырыжору будзе вельмі складана нешта змяніць, калі харавая партытура вывучана недастаткова прафесійна.

- Як доўга ідзе падрыхтоўка да спектакля?

- Залежыць ад аб'ёму харавых партытур. Зразумела, да вялікіх спектакляў трэба пачынаць рыхтавацца недзе за паўгода. Некаторыя спектаклі вучацца і за два месяцы, але важна заўважыць, што рэпетыцыі з новым матэрыялам праходзяць не кожны дзень, паколькі артыстам неабходна паўтараць і бягучы рэпертуар. Калі ў іншых харавых калектывах спевакі могуць выступаць з нотамі, то ў оперы артысты вучаць на памяць вялізныя партытуры на мове арыгіналу. Нямецкая і французская мова запамінаюцца даволі складана. Італьянскія оперы вывучыць лягчэй, але ўпяванне ўсё роўна патрабуе часу.

- Ці моцна змяніўся рэпертуар тэатра за час вашай працы?

- З'явіліся новыя спектаклі і рэжысёры, але ў цэлым мы засталіся адданыя вечнай класіцы. У нас практычна няма спектакляў сучасных кампазітараў. Мы - традыцыйны тэатр, і мне гэта вельмі падабаецца. Пакуль мы асцярожна ідзём на эксперыменты. Але калі з'явіцца таленавіты рэжысёр або дырыжор, які прапануе цікавы сучасны спектакль, мы з задавальненнем паставім яго.

- Ці адбыліся іншыя змены?

- Вядома, спектаклі сталі іншымі, таму што з'явіліся новыя тэхнічныя магчымасці. Ды і моладзь цяпер больш дасведчаная. Калі я прыйшла ў хор у 1976 годзе, у нас былі самародкі з вельмі добрымі галасамі, але без адпаведнай музычнай адукацыі.

- А ў падыходзе да работы што-небудзь змянілася?

- Мне здаецца, усё крыху спрасцілася. Раней больш сур'ёзна адносіліся да падрыхтоўкі партый і рэпетыцый. Хоць, вядома, усё залежыць ад асобнага чалавека.

- Якія спектаклі для вас маюць асаблівае значэнне?

- Для мяне галоўнымі шэдэўрамі, пастаўленымі на нашай сцэне, былі опера Шастаковіча "Лэдзі Макбет Мцэнскага павета", опера Мусаргскага "Хаваншчына" і опера Пракоф'ева "Вайна і мір". На жаль, цяпер яны не ідуць. Затое можна ўбачыць цудоўныя пастаноўкі Галіны Галкоўскай "Князь Ігар" і "Кармэн", а таксама пастаноўкі Міхаіла Панджавідзэ "Царская нявеста" і "Набука". Выклікае цікавасць гледача і спектакль "Дзікае паляванне караля Стаха".

- З якога спектакля вы параілі б пачаць знаёмства з операй?

- Я думаю, трэба пачынаць з "Пікавай дамы" або з "Царскай нявесты", або з "Князя Ігара". Опера - вялікае мастацтва, якое ашаламляе сваім маштабам, таму прыходзіць на оперу трэба падрыхтаванымі. Неабходна вывучыць лібрэта і знайсці інфармацыю пра кампазітара. Трэба пабываць у оперы не адзін раз, тады ты пачынаеш усё разумець і табе становіцца цікава. Цудоўна, калі чалавек прыходзіць на спектакль, дзе выканаўца не пакідае яго абыякавым і выклікае мноства эмоцый.

- Як вам удаецца сумяшчаць такую работу з сям'ёй?

- Калі дачка была маленькая, было вельмі цяжка, але ўдавалася сумяшчаць. Тэатр патрабуе самааддачы. Часам ад гэтага крыху церпіць сям'я. Той, хто не можа сумяшчаць служэнне ў оперы і сям'ю, шукае сабе работу лягчэйшую.

- Ці многа дзяцей артыстаў вашага тэатра таксама сталі займацца музыкай?

- Зразумела, ёсць такія дзеці, якія даволі паспяхова займаюцца музыкай, але іх няшмат. Напэўна, таму што дзеці бачаць, якая гэта праца, і выбіраюць іншую дарогу.

Валерыя ГАЎРУКОВІЧ,
БЕЛТА

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі