29 мая, Астана /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце выказаўся пра неабходнасць павышэння эфектыўнасці ЕАЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нам трэба зрабіць у бліжэйшы час рашучы крок у рэалізацыі асноўных ідэй, якія мы намецілі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Паверце майму вопыту: трэба рабіць эфектыўным наш саюз. Для гэтага мы павінны яшчэ раз прарэвізаваць нашу работу і адмовіцца ад таго, што перашкаджае працаваць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Не зробім, ператворымся ў празасядалых, як Маякоўскі гаварыў, і будзем займацца звычайнай гаварыльняй".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Еўразійскай эканамічнай камісіі трэба сур'ёзна падумаць над актывізацыяй работы: "Трэба зрабіць так, каб не толькі мы, але і журналісты, якія асвятляюць нашы сустрэчы і нарады, нашы народы адчулі, што ёсць вынік. Па ўсіх напрамках".


Пры гэтым, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, работа па павышэнні эфектыўнасці павінна ісці без прамаруджвання. У адваротным выпадку ЕАЭС можа страціць сваю прывабнасць. "Калі мы гэта не зробім (а цяпер трэба рабіць хутка, таму што час такі, трэба паскарацца), прывабнасць нашага саюза будзе імкнуцца да нуля. І калі нават нехта паназірае за работай, а потым стане членам Еўразійскага эканамічнага саюза, хутка расчаруецца ў эфектыўнасці яго дзейнасці", - дадаў Прэзідэнт.
"Мы дакладна павінны разумець, хто павінен паступіцца нейкімі інтарэсамі. А паступіцца ўсе павінны - нехта ў большай ступені, нехта ў меншай. Ад Расіі спатрэбяцца вельмі сур'ёзныя крокі, а, магчыма, і ўступкі пэўныя. Але прыярытэтам будзе ў нас эфектыўнасць Еўразійскага эканамічнага саюза, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Каб тыя, хто ўступіць у гэты саюз (да ўступлення тым больш), разумелі, што яны атрымаюць ад удзелу ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Каб нават члены цяперашняга Еўразійскага эканамічнага саюза не думалі аб тым, што недзе там будзе лепш. У гэтым напрамку нам трэба нямала зрабіць".