28 мая, Астана /Кар. БЕЛТА/. Штучны інтэлект для Беларусі не самамэта і не даніна модзе, а прыкладны інструмент, які павінен працаваць на карысць людзей і вытворчасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на V Еўразійскім эканамічным форуме ў Астане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, беларускі падыход да выкарыстання штучнага інтэлекту заснаваны на двух ключавых пасылах. "Па-першае, для нас штучны інтэлект не самамэта, не даніна модзе і не падстава ў пагоні за хайпам адмаўляцца ад напрацаваных дзесяцігоддзямі практык. Гэта перш за ўсё прыкладны інструмент, які павінен рэальна працаваць на карысць людзей і вытворчасці, павышаючы эфектыўнасць эканомікі і якасць жыцця грамадзян", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Па-другое, мы даўно выбралі ўласны шлях у лічбавым развіцці і прытрымліваемся яго. Гэта адмова ад сляпога капіравання замежных тэхналогій і правіл гульні на карысць стварэння айчынных кампетэнцый і сваіх рашэнняў", - падкрэсліў ён.





Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь першая на постсавецкай прасторы яшчэ ў 2005 годзе стварыла Парк высокіх тэхналогій. Цяпер ён уключае больш за тысячу рэзідэнтаў і больш за 60 тыс. працуючых. "Парк генерыруе амаль 3 працэнты ВУП (2,7 працэнта ў 2025 годзе, агульная выручка склала $3 млрд) і каля 17 працэнтаў экспарту паслуг (дакладней, 16,6 працэнта, або амаль $2 млрд у мінулым годзе)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Менавіта ў Беларусі распрацаваны мадэльны закон аб тэхналогіях штучнага інтэлекту. У 2025 годзе ён адобраны Міжпарламенцкай асамблеяй СНД, - адзначыў беларускі лідар. - Адпаведная праблематыка вывучаецца нашай акадэмічнай супольнасцю, ва ўніверсітэтах ствараюцца новыя курсы, спецыяльнасці, распрацоўваюцца нацыянальныя стандарты".