26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі пасля галасавання на выбарчым участку, растлумачыў, чаму Беларусь павінна быць за сталом перагавораў па Украіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Часта круцяць-верцяць гэта пытанне, нібыта Лукашэнка страціць розум, калі не будзе за сталом перагавораў. Справа не ў Лукашэнку, тут няма асабістых амбіцый, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тут два пытанні: нашы інтарэсы і бяспека ў рэгіёне. Я зыходзіў з гэтага".
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў: "Першае - нацыянальныя інтарэсы. Ёсць хаця б на гэтым кавалку зямлі нашы інтарэсы, беларускага народа? Ёсць. Другое. Я зыходзіў з таго, што гэта ж Валодзя Зяленскі ўвесь час прапагандуе гарантыі, спакой, бяспеку ў гэтым рэгіёне. І калі ты хочаш гэтых гарантый і спакою, то трэба, каб былі ўлічаны інтарэсы ўсіх, наколькі гэта магчыма. І да гэтага павінны быць прыцягнуты ўсе ўдзельнікі гэтага працэсу, хто жыве тут, у тым ліку і беларускія. Літоўцы, латышы, ды і палякі, яны ўсе туды рвуцца, і Зяленскі гэта вітае, і Захад. Чаму? Гэта наша прастора, без нас не можа быць поўнай бяспекі. Таму два пытанні - нашы інтарэсы і бяспека ў рэгіёне".
"Але каб я губляў розум, што вось, мы павінны быць за сталом перагавораў, - у мяне гэтага няма, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Ну, без мяне будуць там вырашацца пытанні. Ну дык там будзе Прэзідэнт Расіі, без яго дакладна не будзе перагавораў. Вы што думаеце, ён беларускую пазіцыю не падтрымае, тым больш яна абсалютна няцяжкая ні для Расіі, ні для Украіны, ні для Захаду".
Прэзідэнт падкрэсліў: "Хачу сказаць, што няма такога, як некаторыя крычаць за межамі нашай краіны: вось Лукашэнка, з яго трэба браць нейкія абавязацельствы, патрабаваць выпускаць палітзняволеных з турмаў, таму што ён вельмі хоча быць за сталом перагавораў".
"Глупства поўнае. Мы, калі хочам, каб тут быў мір, спакой, павінны быць прыцягнуты - на будучае, каб было добра - да гэтых перагавораў. Вось мая пазіцыя, і нічога асабістага", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі ў Мінску расказаў аб сваім бачанні кампрамісу для міру ва Украіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кампраміс можа быць такі. Уладзімір Уладзіміравіч нядаўна сказаў: адыходзьце за межы граніц абласцей - Данбас, Луганская вобласць, потым Херсон, Запарожская вобласць. Туды - да граніц. Усё - спыняемся. Але, напэўна, не зусім... Таксама адыходзіць (украінскі бок. - Заўвага БЕЛТА) на граніцы не будзе. Ну тады што? Ну тады вы не патрабуйце, каб мы вам вярнулі тэрыторыі і Азоўскае мора, якія некалі былі ўкраінскімі. Вось кампраміс, каб спыніцца на лініі сутыкнення. Магчымы. Гэта маё такое меркаванне. Але Валодзі Зяленскаму і Уладзіміру Пуціну лепш відаць. Яны там непасрэдна паглыблены ў гэта. Але кампраміс давядзецца знайсці. З разлікам на тое, што настане час, народы вызначацца, дзе ім жыць і якую валюту выкарыстоўваць. Народы! Толькі не трэба ім перашкаджаць. Але, зноў жа, гэта вырашаецца за сталом перагавораў", - сказаў Прэзідэнт.
"Цяжкі лёс чакае ўкраінскі народ, калі яны не вызначацца са сваім лідарам, са сваёй уладай і не зразумеюць, што ім трэба аднавіць краіну самім. Я нават не выключаю, што і Крым... Слухайце, прыйдзе новае пакаленне - адно, другое, трэцяе - і па Крыме вырашыцца пытанне, і па Данбасе па гэтым. Яшчэ невядома, можа, і граніц паміж дзяржавамі не будзе, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Але трэба сёння зыходзіць з рэалій, з таго, што можна зрабіць. А не гаварыць: "Вось, цяпер Крым вернем!.." Ды ніколі Расія Крым не верне. Нават Захад ім гаворыць: "Гэта пытанне адрэзанае, вырашанае". Што, сёння расіяне выйдуць з тых тэрыторый, якія падкантрольныя расійскай арміі? Я не ўяўляю, што павінна здарыцца, каб яны выйшлі адтуль, дзе яны цяпер знаходзяцца. Таму, магчыма, ужо і гэта пытанне вырашанае".