11 кастрычніка, Астана /БЕЛТА - КАЗІНФАРМ/. Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы ў вузкім складзе прапанаваў правесці рэвізію канцэпцыі далейшага развіцця СНД і распрацаваць новы план мерапрыемстваў. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Акорды.
Нурсултан Назарбаеў адзначыў шэраг актуальных напрамкаў па мадэрнізацыі і ўдасканаленні СНД. Прэзідэнт Казахстана таксама спыніўся на пытанні паглыблення гандлёва-эканамічных адносін краін Садружнасці.
"Свабодны гандаль паслугамі на тэрыторыі СНД дазволіць адкрыць новыя магчымасці для нашых бізнесменаў і выведзе гандлёва-эканамічную кааперацыю нашых краін на новы ўзровень. Прапаную даручыць Савету кіраўнікоў урадаў і Выканаўчаму камітэту актывізаваць работу па праекце Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі і прыняць яго ў бліжэйшы час", - сказаў Нурсултан Назарбаеў.