18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск не адмаўляецца ад шматвектарнасці, але Расія застаецца стратэгічным партнёрам. Аб гэтым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта заявіў у інтэрв'ю нямецкай газеце Berliner Zeitung, паведамляе БЕЛТА.
"Узаемазалежнасць паміж Беларуссю і Расіяй, безумоўна, ёсць. І гэта зразумела: мы бліжэйшыя партнёры і саюзнікі. Але сітуацыі падпарадкавання няма. Мінск захоўвае поўны суверэнітэт у прыняцці ўнутры- і знешнепалітычных рашэнняў і кіруецца выключна нацыянальнымі інтарэсамі", - падкрэсліў Ігар Сякрэта.
Разам з тым, звярнуў ён увагу, нацыянальныя інтарэсы Беларусі ўключаюць і паступальнае паглыбленне інтэграцыі з Расіяй - у рамках Саюзнай дзяржавы і ў іншых фарматах. Гэта заканамерны і ўзаемавыгадны працэс. Нашы краіны цесна звязаны шматвяковымі традыцыямі добрасуседства, узаемнай падтрымкі, агульнымі культурнымі і духоўна-маральнымі каштоўнасцямі. На гэтым этапе збліжэнню дадаткова садзейнічаюць і ваенная істэрыя ля нашых заходніх граніц, і беспрэцэдэнтны санкцыйны націск на Беларусь і Расію", - сказаў намеснік кіраўніка МЗС.
Адказ Беларусі і Расіі на гэта, паводле яго слоў, ляжыць у першую чаргу ў эканамічнай плоскасці. За апошнія пяць гадоў тавараабарот паміж дзвюма краінамі вырас у 1,4 раза; экспарт Беларусі на расійскі рынак - у 1,7 раза. Беларусь уваходзіць у пяцёрку ключавых гандлёвых партнёраў Расіі. Як вынік, ВУП Беларусі з 1995 года вырас больш як у пяць разоў і дасягнуў у 2025 годзе рэкордных за ўсю гісторыю значэнняў.
"Мінск не адмаўляецца ад шматвектарнасці. Мы адкрыты для раўнапраўнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі краінамі. Пры гэтым цалкам відавочна: Расія была, ёсць і будзе нашым стратэгічным партнёрам. З Расіяй мы будзем выразна рэагаваць на любыя выклікі, забяспечваць абараназдольнасць і ўмацоўваць тэхналагічны суверэнітэт Саюзнай дзяржавы, павышаць дабрабыт нашых грамадзян", - рэзюмаваў Ігар Сякрэта.