VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

18 Май 2017

МЗС: Для дзяржавы важны экспертны дыялог па правах чалавека

МЗС: Для дзяржавы важны экспертны дыялог па правах чалавека

18 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кансультацыі экспертнага ўзроўню "Справаздачнасць у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах: пяты перыядычны даклад Рэспублікі Беларусь" 18 мая праходзяць у Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Ларыса Бельская, у мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі органаў дзяржкіравання і грамадскіх аб'яднанняў, міжнародных арганізацый і дыпламатычнага корпуса. "Кансультацыі прысвечаны прадстаўленню Беларуссю пятага перыядычнага даклада ў Камітэт ААН па правах чалавека, - сказала яна. - Гэта значная падзея для краіны. Перыядычныя даклады рыхтуюцца дзяржавамі, паколькі менавіта дзяржава нясе асноўную адказнасць па імплементацыі палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Разам з тым дагаворныя органы па правах чалавека вітаюць прадстаўленне арганізацыямі грамадзянскай супольнасці альтэрнатыўных дакладаў. Так склалася, што абодва працэсы справаздачнасці - дзяржавы і грамадзянскай супольнасці - паміж сабой не скаардынаваныя, існуюць самі па сабе".

"Мы зыходзім з таго, што ўдзел грамадзянскай супольнасці, навуковых структур, бізнесу, парламента, прадстаўнікоў мясцовых улад (інакш кажучы, усіх партнёраў) можа не толькі значна ўзбагаціць дыскусіі, але і прывесці да з'яўлення новых падыходаў, свежага погляду, канкрэтных прапаноў і сумесных праектаў будаўніцтва. Такі экспертны дыялог стварае магчымасці для канструктыўнай камунікацыі і можа стаць важным элементам для ўмацавання афіцыйных механізмаў і абавязацельстваў, накіраваных на выкананне Парадку дня на 2030 год і міжнародных дагавораў, адзін з якіх - Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах", - адзначыла Ларыса Бельская.

Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства пераканана, што ў рэшце рэшт такі экспертны дыялог садзейнічае фарміраванню пазітыўнай абстаноўкі ў грамадстве. Гэтыя кансультацыі прадаставяць магчымасць грамадскім аб'яднанням, партнёрам выказаць думку па адлюстраваных у беларускім дакладзе пытаннях, выкласці сваё бачанне фармату іх магчымага далейшага ўдзелу ў падрыхтоўцы дакладаў. "Мы разлічваем на плённую дыскусію і вітаем узаемную гатоўнасць удзельнікаў кансультацый пачуць адзін аднаго", - сказала прадстаўнік МЗС.

Паводле яе слоў, дзякуючы замежным партнёрам прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з перадавым міжнародным вопытам па справаздачнасці ў Камітэт ААН па правах чалавека і супрацоўніцтве ў гэтым працэсе дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, які будзе карысны ў будучым пры разглядзе пытання аб магчымым удзеле няўрадавых арганізацый у падрыхтоўцы дакладаў у дагаворныя органы па правах чалавека. "Мы прыдаём вялікае значэнне супрацоўніцтву ў гэтым працэсе ўсіх партнёраў, такі фармат сустрэч, калі магчымы адкрыты, сумленны дыялог, садзейнічае сумеснай канструктыўнай рабоце ўсіх зацікаўленых у мэтах удасканалення сістэмы абароны і заахвочвання правоў чалавека", - падкрэсліла Ларыса Бельская.

На мерапрыемстве таксама выступілі пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын. Экспертныя кансультацыі арганізаваны сумесна з Міністэрствам замежных спраў і прадстаўніцтвам ААН у Беларусі з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб'яднанняў і міжнародных арганізацый.

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах з'яўляецца адным з асноўных міжнародных дагавораў па правах чалавека. Дзяржавы, якія ў ім удзельнічаюць, абавязаліся паважаць і забяспечваць грамадзянскія і палітычныя правы, якія прызнаюцца ў пакце для ўсіх асоб, якія знаходзяцца ў межах іх тэрыторый і пад іх юрысдыкцыяй. У ліку гэтых правоў права на жыццё і чалавечую годнасць, роўнасць перад законам, свабода веравызнання і недатыкальнасць прыватнага жыцця, свабода слова, сходаў і асацыяцый, права на справядлівы судовы разбор. Цяпер дзяржавамі - удзельніцамі пакта з'яўляюцца 169 краін свету, уключаючы Беларусь.

Для маніторынгу за выкананнем краінамі палажэнняў пакта створаны Камітэт ААН па правах чалавека, які складаецца з 18 незалежных экспертаў. Усе дзяржавы-ўдзельніцы абавязаны рэгулярна прадастаўляць камітэту даклады аб тым, як ажыццяўляюцца правы, замацаваныя ў пакце. Дзяржава павінна прадаставіць першапачатковы даклад праз год пасля далучэння да пакта, а затым - па запыце камітэта (звычайна кожныя чатыры гады). Камітэт вывучае даклады і выкладае свае меркаванні і рэкамендацыі дзяржаве-ўдзельніцы ў выглядзе заключных заўваг.

У красавіку 2017 года Беларусь накіравала свой пяты перыядычны даклад, які змяшчае адказы на пералік пытанняў, сфармуляваных камітэтам і адрасаваных дзяржаве ў кантэксце падрыхтоўкі да маючага адбыцца дыялогу. Папярэдні даклад Беларусь прадставіла ў Камітэце ААН па правах чалавека ў 1997 годзе.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход