Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

22 Снж 2016

Мітрапаліт Павел: Мы павінны навучыцца цаніць мір, які ёсць у Беларусі

Мітрапаліт Павел: Мы павінны навучыцца цаніць мір, які ёсць у Беларусі

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы павінны навучыцца цаніць мір, які ёсць у нашай краіне, заявіў сёння журналістам Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі перад пачаткам штогадовага агульнага сходу Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хацелася б пажадаць, каб наступны год быў мірны, паспяховы, стваральны. Яшчэ хочацца пажадаць божага благаславення. Каб мы, азіраючыся вакол, бачачы, што адбываецца ў свеце, навучыліся цаніць мір, які ёсць у нас у краіне. Каб стваральная праца дапамагала ўсім, умацоўвала ўсіх і рабіла Айчыну больш моцнай", - падкрэсліў мітрапаліт.

Ён таксама звярнуў увагу, што сёння прыхаджанам спрабуюць навязваць розныя вераванні, культы і ідэалогіі, у тым ліку і ўсходнія. "Нам спрабуюць навязаць штосьці незвычайнае: год пеўня, казы, але ў нас жа кожны год аднолькавы. Царква заклікае напярэдадні новага каляндарнага года, асабліва ў дні каляднага посту, успомніць аб пражытым жыцці: калі кагосьці пакрыўдзілі - папрасіце прабачэння, зрабілі штосьці няправільна - пастарайцеся ўсвядоміць, прынесці пакаянне і ў наступным годзе гэтага не дапускаць. Гэта і ёсць наша імкненне да дасканаласці", - адзначыў мітрапаліт. Ён растлумачыў, што ўсялякія такія вераванні могуць прыжывацца таму, што маладыя людзі не атрымліваюць належнай рэлігійнай адукацыі ў сям'і. "Сёння ёсць магчымасць праз інтэрнэт глядзець, што пажадаеш, чытаць усё, што захочацца, а ахоўнага імунітэту ў дзяцей і моладзі, на жаль, няма. Калі б яны атрымлівалі духоўна-маральнае выхаванне ў сям'і, як гэта павінна быць, тады кожны разумеў бы, што такое добра і што такое дрэнна. Таму задача царквы - растлумачыць людзям, дапамагчы, паказаць, што добра і што дрэнна, чаго варта трымацца, а ад чаго трэба адмовіцца", - канстатаваў мітрапаліт.

Выступаючы на агульным сходзе, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі асаблівую ўвагу звярнуў на работу свяшчэннаслужыцеляў з моладдзю, падкрэсліў, што трэба актыўней прыцягваць маладых людзей у храмы. Тэме работы з моладдзю быў прысвечаны і даклад протаіерэя Іаана Задарожына, старшыні Сінадальнага аддзела БПЦ па справах моладзі.

Епархіяльны сход праходзіць пад старшынствам Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў сталічнай гасцініцы "Беларусь". Удзел у сходзе прымаюць усе праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі Мінска і Мінскага раёна, а таксама ігуменні стаўрапігіяльных і епархіяльных манастыроў, кіраўнікі епархіяльных аддзелаў, кіраўнікі брацтваў і сястрыцтваў.

На сустрэчы абмяркоўваюцца галоўныя вынікі царкоўнапрыходскага жыцця ў межах епархіі, пытанні царкоўна-дзяржаўных адносін, сацыяльнага і маладзёжнага служэння ў епархіі.

Епархіяльны сход, згодна са статутам Рускай праваслаўнай царквы, з'яўляецца органам кіравання епархіяй, які ўзначальваецца епархіяльным архірэем і складаецца з кліру, манахаў і вернікаў, якія пражываюць на тэрыторыі епархіі і прадстаўляюць кананічныя падраздзяленні, што ўваходзяць у склад епархіі. Епархіяльны сход склікаецца епархіяльным архірэем.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі