9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узбекістану і Беларусі за апошнія гады ўдалося кардынальна змяніць да лепшага характар і змест адносін, вывесці іх на новы ўзровень. Аб гэтым Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў заявіў на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"За апошнія гады, дзякуючы сумесным намаганням, нам удалося кардынальна змяніць характар і змест узбекска-беларускіх адносін, вывесці іх на якасна новы ўзровень", - падкрэсліў Прэзідэнт Узбекістана.
Паводле яго слоў, у гісторыі адносін дзвюх краін яшчэ ніколі не было такога ўзаемаразумення і такой колькасці рэальных рэзультатаў.
Шаўкат Мірзіёеў канстатаваў, што ў час перагавораў у Мінску адбыўся адкрыты, даверны дыялог, абодва бакі далі высокую ацэнку вынікам сумеснай работы ў сферах узаемнага гандлю, прамкааперацыі, сельскай гаспадарцы, культуры, адукацыі, медыцыне і інш. Ён таксама звярнуў увагу на ўстойлівую пазітыўную дынаміку практычна па ўсіх напрамках узаемадзеяння і настроенасць бакоў на дасягненне рэальных рэзультатаў.


"Пасля сустрэч учора і сёння я пераканаўся: мы на самай справе зрабілі многае, але шмат яшчэ трэба зрабіць у розных галінах", - адзначыў Прэзідэнт Узбекістана.
Асноўным драйверам узаемадзеяння ён назваў гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Так, за 5 гадоў тавараабарот Беларусі і Узбекістана павялічыўся амаль у 3 разы і наблізіўся да $1 млрд. З пачатку гэтага года ён вырас на 30 працэнтаў.
Для далейшага яго павелічэння да абазначанай кіраўнікамі дзяржаў мэты ў памеры $2 млрд у ходзе візіту падпісана дарожная карта супрацоўніцтва да 2030 года.