Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

17 Снж 2014

Макей: Беларусь за гады супрацоўніцтва з ЮНЕСКА выбудавала ўстойлівыя паўнацэнныя адносіны

Макей: Беларусь за гады супрацоўніцтва з ЮНЕСКА выбудавала ўстойлівыя паўнацэнныя адносіны

17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь за гады супрацоўніцтва з ЮНЕСКА выбудавала ўстойлівыя паўнацэнныя адносіны. Такое меркаванне выказаў 17 снежня міністр замежных спраў, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання прызёраў конкурсу відэаролікаў на тэму 60-годдзя членства Беларусі ў гэтай міжнароднай арганізацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, з нагоды святкавання важнай даты ў Беларусі прайшлі разнапланавыя мерапрыемствы. "Яркім адлюстраваннем высокага супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй з'яўляецца візіт у нашу краіну яе генеральнага дырэктара Ірыны Бокавай у красавіку 2014 года, - сказаў Уладзімір Макей. - За 60 гадоў членства Беларусь выбудавала ўстойлівыя паўнацэнныя адносіны з арганізацыяй у розных сферах: адукацыя, навука, маладзёжная палітыка і інш."

Міністр нагадаў, што ўжо на працягу 25 гадоў у краіне працуе рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА", якое займаецца непасрэдна рэалізацыяй маладзёжнай палітыкі гэтай арганізацыі, адстойвае яе прынцыпы і ідэалы. "Работа асацыяцыі вельмі важная і адказная, таму мы падтрымалі ідэю правядзення конкурсу мультымедыйных матэрыялаў. Яго вынікі паказалі, што наша моладзь ведае пра дзейнасць ЮНЕСКА", - сказаў ён.

"Работа Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА мае пазітыўны характар, і мы будзем падтрымліваць яе ў далейшым", - запэўніў Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што ў 2015 годзе ў Беларусі прадоўжыцца святкаванне шэрага знамянальных дат, якія аб'ядноўваюць агульныя ідэі - міру, гуманізму, узаемаразумення паміж людзьмі і народамі. Сярод іх - 70-годдзе ЮНЕСКА, 70-годдзе ААН, 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, наступны год аб'яўлены ў Беларусі Годам моладзі. Паводле слоў міністра, у сувязі з гэтым запланавана правядзенне розных мерапрыемстваў, у тым ліку па лініі ЮНЕСКА. "Мы пастараемся іх рэалізаваць, - сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. - Гэтыя мерапрыемствы будуць працаваць на карысць іміджу нашай краіны".

Конкурс відэаролікаў на тэму 60-годдзя членства Беларусі ў ЮНЕСКА праводзіўся па трох намінацыях, у ім прынялі ўдзел 120 работ. Пераможцы, якія занялі першыя месцы ў трох узроставых групах, прадстаўляюць усе рэгіёны краіны.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі