Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

29 Nov 2017

Лукашэнка: У ЕАЭС неабходна ствараць уласныя транснацыянальныя карпарацыі

Лукашэнка: У ЕАЭС неабходна ствараць уласныя транснацыянальныя карпарацыі

29 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У Еўразійскім эканамічным саюзе неабходна ствараць уласныя транснацыянальныя карпарацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Перакананы, што ў Беларусі і Казахстана ёсць вялікія магчымасці для пашырэння двухбаковых сувязей. Важнейшымі напрамкамі павінны стаць актывізацыя ўзаемных інвестыцый у вытворчасць і пашырэнне рынкаў збыту прадукцыі і паслуг. Для паспяховай работы на сусветных пляцоўках неабходна ствараць уласныя транснацыянальныя карпарацыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. І ў нас ёсць адпаведныя такім маштабным планам рэсурсы", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бягучы год быў вельмі насычаны беларуска-казахстанскімі кантактамі. Адбылася канструктыўная сустрэча ў рамках саміту ШАС, а таксама шэраг візітаў вышэйшых службовых асоб. Беларусь прыняла актыўны ўдзел у міжнароднай выстаўцы "ЭКСПА-2017" у Казахстане. "Такая інтэнсіўнасць дыялогу падкрэслівае стратэгічны характар нашых адносін і партнёрства", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важным крокам да далейшага ўмацавання двухбаковых адносін стане падпісанне сёння міждзяржаўнага дагавора з праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва да 2026 года.

"Казахстан з'яўляецца для нас стратэгічным партнёрам. Мы вельмі высока цэнім нашы цесныя сувязі і нацэлены на плённае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках, - заявіў Прэзідэнт. - Я гарантую вам: калі мы дамовіліся па нейкіх пытаннях - мы будзем свята прытрымлівацца нашых дамоўленасцей, і вы ніколі не будзеце мець з намі праблем".

Па выніках перагавораў лідараў дзвюх краін быў заключаны пакет дакументаў па двухбаковым узаемадзеянні ў розных сферах. Акрамя дагавора з праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва да 2026 года, падпісанага кіраўнікамі дзяржаў, заключана яшчэ 6 двухбаковых дамоўленасцей, у тым ліку міжурадавыя пагадненні аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі арганізацый абаронных галін прамысловасці і аб супрацоўніцтве ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Казахстана.

У ліку падпісаных дакументаў таксама план супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Казахстана на 2018-2019 гады, праграма супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры і спорту паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам культуры і спорту Казахстана на 2018-2019 гады, мемарандум аб узаемаразуменні па культурным супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры і спорту Казахстана.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі