Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

21 Ліс 2014

Лукашэнка: Школа павінна вучыць мысліць

Лукашэнка: Школа павінна вучыць мысліць

21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Школа, закладваючы веды, павінна вучыць мысліць, дапамагаць вызначыцца ў жыцці. Аб гэтым сёння на семінары са студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Першачарговая задача школы - закладваць веды, вучыць мысліць, дапамагаць вызначыцца ў жыцці. Ці гатовы мы да гэтага, ці гатовы нашы настаўнікі да гэтага?" - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яму хацелася б, каб сённяшняя сустрэча стала сур'ёзнай удумлівай размовай, дзе кожны можа падзяліцца сваімі думкамі, сумненнямі і прапановамі. "Вы ведаеце аб маім стаўленні да школы, настаўніка. Справа тут не толькі ў тым, што я сам у мінулым ваш калега. Як кіраўнік дзяржавы я ўпэўнены, што адукацыя - гэта сапраўды фундамент грамадства, пропуск для дзяржавы, для ўсёй нацыі ў заўтрашні дзень, у будучае", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Наша будучыня залежыць ад таго, якімі мы выхаваем нашых дзяцей. Ці здолеем мы даць ім глыбокія веды, правільныя арыенціры ў жыцці, моцны маральны стрыжань? Вось у чым галоўнае кардынальнае пытанне", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка вылучыў некалькі блокаў праблем у адукацыі, на якія неабходна звярнуць асаблівую ўвагу. Асаблівасць сучаснага свету - вялікі аб'ём ведаў і акіян інфармацыі. "Тое, што веды, навыкі, тэхналогіі абнаўляюцца і мяняюцца вельмі імкліва, гэта толькі палавіна праблемы. Але важна ўмець выбраць галоўнае, сістэматызаваць усе меркаванні, ідэі і факты і зрабіць правільную выснову. Глыбока памыляецца той, хто думае, што чым больш ён мае крыніц інфармацыі, тым лепш разумее праблему. На самай справе, празмерная колькасць супярэчлівай інфармацыі часта заблытвае чалавека значна больш, чым яе недахоп", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Інтэрнэт прывучае мысліць фрагментарна. "Дзеці часта ўмеюць карыстацца сучаснымі тэхнічнымі навінкамі лепш за ўласных настаўнікаў і бацькоў, але ці гатовы яны маральна і інтэлектуальна да таго, каб выбіраць з інфармацыйнай лавіны сапраўды каштоўнае і патрэбнае для свайго развіцця? - сказаў Прэзідэнт. - Неабходна вучыць дзіця рабоце з інфармацыяй, уменню аналізаваць, супастаўляць, ацэньваць думку лагічна. Многіх нашых дзяцей трэба вучыць стасункам, жыць у рэальным свеце з яго рэальнымі праблемамі, шукаць шляхі вырашэння гэтых праблем".

У новым тэхналагічным асяроддзі дзеці і моладзь адчуваюць сябе натуральна і камфортна. "Зразумела, што і сродкі навучання павінны адпавядаць гэтаму прывычнаму асяроддзю, але ўзнікае пытанне: якім у гэтых умовах павінен быць школьны ўрок, падручнік, дзённік? Можа, ужо штосьці трэба мяняць і мяняць кардынальна?" - пацікавіўся, звяртаючыся да аўдыторыі, кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наўрад ці ў час сённяшняга дыялогу будуць знойдзены адказы на ўсе пытанні, але падкрэсліў: чым складаней гэтыя пытанні, тым важнейшы дыялог і сумесны пошук вырашэння.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі