20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб праекце ўказа "Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення", выказаўся аб маральна-духоўным аспекце працэдуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Якія маральна-духоўныя прынцыпы? Ад каго яны зыходзяць? Жанчына хоча мець дзіця. Гэта святая, значыць, жанчына. Калі не можам натуральным спосабам (я ўвогуле гавару пра мужыкоў), усяляк трэба неяк дапамагаць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб прыкладзе Алы Пугачовай, якая, скарыстаўшыся сучаснымі рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі, стала мамай дваіх дзяцей. "І тут ад царквы да апошняга чалавека пачалі папракаць яе. А я гавару: якая малайчына, - заўважыў Прэзідэнт. - І дзеткі, кажуць, добрыя. Гэта галоўнае. Няхай нараджае як хоча, але каб былі добрыя дзеці. Але гэта ўжо медыкі".
Адзін з аспектаў, што абмяркоўваўся пры падрыхтоўцы праекта ўказа, датычыцца магчымасці выкарыстання жанчынамі для правядзення бясплатнай працэдуры ЭКА ўласных эмбрыёнаў, якія захоўваюцца ў прыватных цэнтрах. "Трэба прадаставіць такую магчымасць", - выказаў свой пункт гледжання Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што не трэба ствараць дадатковыя абмежаванні для жанчын. У тым ліку і адносна выкарыстання эмбрыёнаў. Галоўнае - паспяховы вынік працэдуры ЭКА і з'яўленне на свет здаровых дзяцей. А месца, дзе захоўваліся эмбрыёны (медцэнтр у Беларусі ці за межамі краіны, яго форма ўласнасці), не мае прынцыповага значэння.
"Ды хоць на Месяцы няхай захоўвае. Гэта справа жанчыны. Няхай яна вызначаецца, як ёй быць і што рабіць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.