5 чэрвеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова да цывілізаванага дыялогу з заходнімі суседзямі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларускі лідар адзначыў, што фестываль нацыянальных культур ствараўся як традыцыя суверэннай Беларусі. Цяперашняе свята з'яўляецца юбілейным і прысвечана 30-гадовай гісторыі і традыцыям форуму. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў самым першым фестывалі нацыянальных культур прымалі ўдзел прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей, а цяпер іх больш за 40.

"За гэты час са сціплага рэгіянальнага мерапрыемства форум ператварыўся ў культурную падзею, слава аб якой выйшла за межы краіны. А яго сталіца Гродна стала сапраўднай Мекай для тысяч турыстаў, у тым ліку з еўрапейскіх дзяржаў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І не перашкаджаюць гэтым людзям трохметровыя агароджы, якія ўзводзяцца нашымі заходнімі суседзямі, чарговыя жалезныя заслоны, якімі нас палохаюць. Мы не навязваемся, але па-ранейшаму гатовы да цывілізаванага дыялогу ў інтарэсах нашых народаў".