Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

7 Крс 2016

Лукашэнка: Інвестыцыі для развіцця машынабудавання будуць прадастаўляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту

Лукашэнка: Інвестыцыі для развіцця машынабудавання будуць прадастаўляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту

7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інвестыцыі для развіцця беларускага машынабудавання будуць прадастаўляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" - кіруючая кампанія холдынга "БелаўтаМАЗ", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства. Як адзначыў Прэзідэнт, у час наведвання МАЗа яму таксама прапаноўвалі правесці нараду па пытаннях стратэгіі развіцця айчыннага машынабудавання ў цэлым. На гэтым мерапрыемстве ў тым ліку планавалася абмеркаваць пытанне размеркавання крэдытных рэсурсаў, што прадастаўляюцца Беларусі Кітаем.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта нарада пройдзе пазней і ў іншым фармаце. Пры гэтым ён падкрэсліў, што любыя фінансавыя рэсурсы, асабліва крэдытныя, прадпрыемствы змогуць атрымаць толькі пасля дакладнага падліку патэнцыяльных рынкаў збыту новай прадукцыі. "Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэту прадукцыю. У адваротным выпадку не дадзім ні капейкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я не магу ўкласці сюды чарговы раз сотні мільёнаў долараў, за якія вы створыце нейкі прадукт і паставіце на склад, а яшчэ горш - проста праясце".

"Таму вы павінны дакладна разумець, што калі бераце грошы пад нейкі прадукт, то павінны даказаць, што, вырабіўшы яго, заўтра прадасце", - дадаў беларускі лідар.

Што датычыцца холдынга "БелаўтаМАЗ" і яго галаўной кампаніі, генеральны дырэктар Дзмітрый Кацярыніч запэўніў Прэзідэнта, што ў бягучым годзе плануецца выйсці на эфектыўную работу. Дзякуючы аказанай у 2015 годзе дзяржпадтрымцы ўдалося вырашыць шэраг фінансавых праблем, нарасціць аб'ёмы вытворчасці, знізіць запасы гатовай прадукцыі на складах, павялічыць экспарт. Усяго прадпрыемства ажыццяўляе пастаўкі ў больш як 30 краін свету. У 2016 годзе плануюцца пастаўкі прадукцыі на новыя рынкі збыту, у тым ліку ў Лаос, Філіпіны, Інданезію, Зімбабвэ, Судан, Эквадор, Аман. Паступова пашыраецца і тавараправодная сетка.

Акрамя дзяржпадтрымкі ў мінулым годзе ў ААТ "МАЗ" рэалізаваны комплекс антыкрызісных мерапрыемстваў для выхаду на дадатны вынік работы. Іх агульны эканамічны эфект склаў каля Br1,5 трлн. Ёсць план па зніжэнні затрат і на 2016 год.

Прэзідэнту таксама далажылі, што цяпер ёсць невялікія цяжкасці з фінансаваннем з боку банкаўскіх структур лізінгавых паставак тэхнікі для спажыўцоў у Беларусі. Аднак у бліжэйшы час гэтыя пытанні будуць нарматыўна ўрэгуляваны. "Вы проста безадказна ставіцеся да візітаў і наведванняў Прэзідэнта. Калі б у вас была адказнасць, вы б ужо да сённяшняга прыезду гэту праблему вырашылі", - пакрытыкаваў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб асваенні новых рынкаў збыту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўжо даўно і настойліва ставіць адпаведную задачу. "Я ад вас гэтага патрабую. А то не паспеў я сюды прыйсці, як вы мне пачалі расказваць пра Расію (расійскі рынак. - Заўвага БЕЛТА). Мы ўжо 25 гадоў як незалежная дзяржава. У Расіі свае праблемы, - адзначыў Прэзідэнт. - Так, там рынак, які вы здалі. Сёння гэты рынак вельмі лёгка адваяваць. Але туды трэба прадаць якасную, прыгожую, надзейную тэхніку па канкурэнтнай цане".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што яшчэ адной умовай для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай тэхнікі павінна быць працяглая гарантыя вытворцы. "Дайце 5 гадоў гарантыі. Калі што-небудзь зламалася, то хутка замяніце. Ёсць сэрвісныя цэнтры", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, каб пры замежных пастаўках не выкарыстоўваліся нейкія сумніўныя схемы і пасрэдніцкія структуры, у выніку чаго ўзнікнуць праблемы з вяртаннем грошай за прададзеную тэхніку. А такія прыклады, на жаль, ёсць.

"Вы - дзяржаўнае прадпрыемства. Ад вас мінімум што просяць - захаваць працоўныя калектывы, плаціць зарплату, вырабляць добры тавар і прадаваць яго. Нават не будзем даводзіць колькасці. Хоць без яе не можа быць і грошай", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Дзмітрыя Кацярыніча.

У цэлым прадпрыемства склала сур'ёзныя планы па далейшым развіцці. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб інвестпраекце па мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасці прадпрыемстваў холдынга тэрмінам рэалізацыі ў 2016-2022 гадах. Капітальныя затраты на яго рэалізацыю складуць $427,1 млн, а тэрмін акупнасці - амаль 10 гадоў. Адносна гэтага Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што грошы будуць выдзяляцца толькі пад эфектыўныя праекты з дакладна падлічанымі патэнцыяльнымі рынкамі збыту. "Спачатку - рынак, а далей - інвестыцыі. Будзе рынак, будзем весці размову аб $0,5 млрд", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, ёсць канкрэтныя планы па развіцці розных напрамкаў у айчынным машынабудаванні, пачынаючы ад ліцейнай вытворчасці да вытворчасці кранавага абсталявання і пашырэння лінейкі транспарту на газаматорным паліве. Работа ў гэтым напрамку вядзецца, адпаведная беларуская тэхніка ўжо задзейнічана ў пасажырскіх перавозках як у Мінску, так і пастаўляецца ў Расію. Выкарыстанне газу дае магчымасць эканоміць 30-40 працэнтаў на эксплуатацыйных расходах і кошце паліва.

У бліжэйшай перспектыве ў Беларусі плануецца асвоіць вытворчасць аўтацыстэрнаў для звадкаванага газу і запраўшчыкаў, што перспектыўна для пераводу на газавае абсталяванне сельскагаспадарчай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка даручыў наступнай вясной рэалізаваць адпаведны пілотны праект на базе некалькіх перадавых сельгаспрадпрыемстваў, каб на практыцы ацаніць патэнцыяльную выгаду.

Перспектыўным Аляксандру Лукашэнку бачыцца і развіццё сектара электратранспарту, асабліва з улікам з'яўлення дадатковых магутнасцей з уводам БелАЭС. На МАЗе ўжо вядзецца работа над айчынным электробусам.

У час наведвання МАЗа размова ішла не толькі аб развіцці гэтага прадпрыемства. Быў арганізаваны своеасаблівы агляд асноўных прадпрыемстваў беларускага машынабудавання. Аб перспектыўных планах і распрацоўках Прэзідэнту далажылі кіраўнікі БелАЗа, "Амкадора", "Гомсельмаша", МТЗ, "БелДжы". Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай найноўшых узораў тэхнікі гэтых прадпрыемстваў, выстаўкай дэталей, вузлоў і аўтаагрэгатаў. Акрамя неабходнасці забеспячэння высокай якасці прадукцыі, размова тут вялася і аб рабоце па імпартазамяшчэнні, зніжэнні выдаткаў на вытворчасці, аб павелічэнні долі айчынных камплектуючых.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі