8 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне вялікім здабыткам. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы ў Крамлі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта такое наша дасягненне. Нашы продкі ў свой час выратавалі ад карычневай чумы не толькі Еўропу - увесь свет. Зразумела, што было б не толькі з намі, прайграй гэту вайну нашы папярэднікі. Гэта наш вялікі здабытак. Мы з гэтага зыходзім. Гэта здабытак і расіян, і беларусаў, і ўсіх рэспублік Савецкага Саюза. Ваявалі ж усе (хай не да ўсіх вайна дайшла) і гінулі дзясяткамі, сотнямі, тысячамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу на пазіцыю некаторых, з кім раней жылі ў адной дзяржаве, хто чамусьці адмаўляецца прызнаваць гэта свята. "Я ўсё ж такі не магу пазбавіцца думкі: некаторыя нашы сябры, суседзі, з кім мы жылі ў адной дзяржаве, чамусьці адмаўляюцца прызнаваць гэтыя святы. Асабліва нашы суседзі, беларускія. Заўсёды паўстае пытанне: вось навошта яны гэта робяць?"
"Проста непрыгожа і агідна, шчыра кажучы, калі назіраеш за некаторымі нашымі "таварышамі", якія вырашылі не тое што забыць, а наогул кінуць пад ногі гэту Перамогу, - заўважыў беларускі лідар. - Ну а ўвогуле вядомыя асобы, у якіх продкі блізкія (бацькі, дзяды) ваявалі ў гэтай вайне, яны наогул незразумела як сябе паводзяць".




"Але мы не можам з вамі гэту Перамогу каму-небудзь аддаць. Гэта наш здабытак, наша дасягненне. Беларусы страцілі кожнага трэцяга ў гэтай вайне. Які Прэзідэнт у Беларусі можа сабе дазволіць кінуць пад ногі, як анучу, гэту Вялікую Перамогу?! Ніякі! Таму я вам удзячны за тое, што вы пастаянна запрашаеце мяне (лічыце - беларускі народ) да ўдзелу ў гэтым вялікім дзействе (размова пра парад Перамогі. - Заўвага БЕЛТА). Некалі нашы продкі па Краснай плошчы ў цяжкі час праходзілі вельмі ярка і ішлі на фронт з першага парада. Я гэтым ганаруся. Ведаю, што і вы гэта цэніце і ганарыцеся. Таму надыдзе час, калі да нас будуць прасіцца сюды, каб прыехаць і пабыць на гэтай плошчы. Ну а сёння час паказаў, хто ёсць хто", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.