Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

7 Jun 2018

Лукашэнка: мы не супраць прыватызацыі, але яна не павінна быць абвальнай або шокавай

Лукашэнка: мы не супраць прыватызацыі, але яна не павінна быць абвальнай або шокавай

7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія ўлады не супраць прыватызацыі, але яна не павінна быць абвальнай або шокавай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Аланам Пію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вы ведаеце нашы падыходы да прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, аб'ектаў. Я не думаю, што мае погляды на прыватызацыю маюць нейкі асаблівы характар і вельмі ўжо адрозніваюцца ад тых падыходаў, якія прапаведуе Еўрапейскі банк. Мы абсалютна не супраць працэсаў прыватызацыі, гэта цалкам натуральная норма. Але мы зыходзім з таго, як, напэўна, і ўсе разважлівыя людзі, што, калі дзяржава не можа кіраваць нейкімі актывамі, калі дзяржаве не да гэтых актываў, трэба аддаць іх эфектыўнаму ўласніку. Мы з гэтага зыходзім, і гэта галоўнае. Мы супраць абвальнай і шокавай прыватызацыі. Гэта сутнасць нашага падыходу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што аб'екты, якія належаць дзяржаве, ствараліся ўсім народам, асабліва ў былыя часы. "І ўзяць росчыркам пяра, агулам іх прадаць за бясцэнак - гэта значыць парадзіць несправядлівасць, узбударажыць народ, які выкажа сваё нездавальненне, як гэта ў суседніх рэспубліках былога Савецкага Саюза. Таму мы хочам, каб прыватызацыя не была нейкай сферай напружання ў грамадстве. Гэта галоўнае", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што перадача дзяржуласнасці прыватным інвестарам павінна прыносіць карысць краіне. Яе вынікам павінны стаць добрая заработная плата для работнікаў прыватызаваных прадпрыемстваў, стварэнне новых рабочых месцаў і рэгулярныя паступленні ў бюджэт дзяржавы.

У цэлым Прэзідэнт высока ацаніў супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. "Я бачу вельмі вялікія перспектывы. Мы шмат чаму навучыліся ў вас, па вашых рэкамендацыях. Я вам удзячны за тыя, асабліва інфраструктурныя праекты, якія мы рэалізуем разам з вамі", - сказаў ён.

За час супрацоўніцтва з Беларуссю ЕБРР інвесціраваў у эканоміку краіны амаль 2 млрд еўра. У 2017 годзе аб'ём інвестыцый склаў 163 млн еўра. "Гэта добрыя аб'ёмы. Я так разумею, што мы для Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з'яўляемся прымальнымі партнёрамі, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Мяне асабліва радуе тое, што банк зрабіў пэўную перанастройку нашых адносін, цікавіцца нашым дзяржаўным сектарам і, самае галоўнае, згодны пашыраць супрацоўніцтва на дзяржаўны сектар эканомікі".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі