24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наперадзе ў моладзі вельмi шмат канкрэтных спраў. З такім наказам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ўдзельнікаў навагодняга балю для моладзі ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Шмат сказана - на Усебеларускім народным сходзе, іншых мерапрыемствах: год, пяцігодка. А што датычыцца сённяшняга моманту - гэта час канкрэтных спраў. Вы зрабілі цудоўную справу. Вы выдатна вучыцеся. Вы - паспяховыя людзі. Гэта ваш фундамент на будучыню. Але наперадзе ў вас вельмі шмат канкрэтных спраў. І, паўтаруся, гэтыя справы заўсёды рабіце своечасова. Ніякіх натацый. Проста мая парада, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму што прыйдуць новыя клопаты, новыя справы, а вы не зрабілі старыя. Усё гэта захлісне і застанецца цяжкім багажом і ў спадчыну ўсім вам. Таму рабіце ўсё своечасова".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што студэнцкія гады - гэта для многіх складаныя і цяжкія часы, таму што менавіта ў гэтыя гады закладваецца фундамент на ўсё жыццё. "Таму дзейнічайце канкрэтнымі справамі", - заклікаў беларускі лідар.
Ён пажадаў, каб для ўдзельнікаў балю гэта мерапрыемства стала не толькі яркай падзеяй, але і месцам, дзе яны знойдуць новых сяброў або свае другія палавінкі на будучае жыццё: "Я вельмі хачу, каб вы - таленавітыя, разумныя - знайшлі тут такіх жа таленавітых і разумных сяброў. Калі атрымаецца - на ўсё жыццё. Буду толькі рады. Жадаю вам сёння добрага настрою, поспехаў у гэты вечар. Танцуйце, любіце, усміхайцеся!"






Гаворачы аб правядзенні балю, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час нарадзілася традыцыя праводзіць такія мерапрыемствы. А наяўнасць традыцый - прыкмета суверэннай і незалежнай краіны.
Прэзідэнт падкрэсліў, што традыцыйны навагодні баль у Беларусі ў выніку атрымаўся нават лепшы і больш маштабны за знакамітыя венскія балі.
"У канцы года заўсёды падводзім вынікі. У тым ліку і тут. Тут няма выпадковых людзей. Кожная дэталь прадумана, - падкрэсліў беларускі лідар. - Тут людзі, якія дасягнулі сваіх поспехаў у вучобе, навуцы, культуры, спорце. І абавязкова самыя прыгожыя".
Паводле яго слоў, адзінае, была спрэчка, ці прызначаць зноў цяперашняга міністра культуры Руслана Чарнецкага танцмайстрам на балі. "Але паколькі ён вялікі прафесіянал і знаток усяго гэтага, я згадзіўся з тым, што няхай міністр культуры і ў далейшым (як гэта было раней, калі ён не быў міністрам культуры) вядзе і арганізоўвае гэты цудоўны баль", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.