29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожная краіна моцная сваімі традыцыямі, а ў Беларусі адна з даўніх вельмі добрых традыцый - віншаваць дзяцей з навагоднімі святамі, у тым ліку ў рамках акцыі "Нашы дзеці". Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў у Палацы Рэспублікі, прымаючы ўдзел у дабрачынным свяце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Краіна заўсёды моцная традыцыямі. Калі ёсць традыцыі, значыць, ёсць краіна. Значыць, ёсць нейкая асаблівасць гэтай краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт. Менавіта наяўнасць такіх традыцый адрознівае Беларусь ад іншых краін свету, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"У нас даўным-даўно нарадзілася вельмі добрая традыцыя - у гэтыя пераднавагоднія святы вітаць вас, малых, дарослых людзей, вашых настаўнікаў, выхавальнікаў, бацькоў, - усіх, у каго ёсць маленькія дзеткі і хто мае дачыненне да выхавання дзяцей. Добрая традыцыя - віншаваць нашых дзяцей, бываць у дзяцей. Асабліва ў тых, хто ў гэтым мае вялікую патрэбу. Хоць няма ў краіне тых дзяцей, у свеце няма тых дзяцей, якія не мелі б патрэбы ва ўвазе і падарунках", - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаў словы асаблівай удзячнасці ўсім, хто ўносіць свой уклад у тое, каб кожны год гэта дабрачыннае свята для дзяцей магло адбыцца. "Хачу падзякаваць нашым дарослым, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзякуй вам за тую ўвагу, якую вы ўдзяляеце ў гэтыя пераднавагоднія святы нашым дзецям".
Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў радасную атмасферу ў зале: "Ужо за кіламетр ад Палаца Рэспублікі чуваць, што вы тут вяселіцеся". Добры настрой, паводле яго слоў, тлумачыцца таксама і тым, што для дзяцей у краіне цяпер "двайное" свята: з аднаго боку, усе праводзяць адыходзячы год і чакаюць надыходу новага, 2026-га, а з другога, - навучэнцы нарэшце дачакаліся прыемнага часу, свабоднага ад вучобы - канікулаў. "Таму - двайное свята. Новы год і канікулы", - сказаў Прэзідэнт.














"Ну і Дзед Мароз са Снягурачкай нас парадавалі ўжо - снег, марозік. Абяцаюць, што яшчэ большы будзе марозік, і мы па-сапраўднаму ў гэтым годзе, як ніколі, напэўна, зможам сустрэць Новы год. Снег і мароз у гэты час - гэта добры настрой. Бачу, што ў вас гэта прысутнічае", - адзначыў ён.
Цэнтральнай падзеяй акцыі "Нашы дзеці" з'яўляецца галоўная ёлка краіны - дабрачыннае навагодняе свята з удзелам Прэзідэнта і паказам навагодняга шоу ў Палацы Рэспублікі. У бягучым годзе для дзяцей падрыхтавалі яркі паказ "Чараўніцтва Новага года" з казачнымі персанажамі і галоўнымі атрыбутамі зімовых свят.
На галоўную ёлку краіны ў Палацы Рэспублікі запрошаны амаль 2,4 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў Беларусі. Магчымасць убачыць яркі навагодні паказ атрымалі навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў, пераможцы розных алімпіяд, творчых конкурсаў і спаборніцтваў, навучэнцы, якія маюць поспехі ў грамадскай рабоце, дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных сем'яў і сем'яў бежанцаў і дзеці, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.