26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не мае закрытых тэм у супрацоўніцтве з Тайландам. Аб гэтым заявіў сёння кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з віцэ-прэм'ерам - міністрам абароны Тайланда Правітам Вонгсуванам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатова дамаўляцца па ўсіх напрамках, па якіх Тайланд хацеў бы супрацоўнічаць. Прэзідэнт адзначыў сур'ёзную настроенасць беларускага боку на павелічэнне тавараабароту і падкрэсліў: "Будзе зроблена ўсё для таго, каб задаволіць запатрабаванні Тайланда па любым напрамку". Спектр шырокі: ад навучання кадраў ваенным і грамадзянскім спецыяльнасцям да ўзаемных паставак тавараў.
Прэзідэнт Беларусі са шкадаваннем канстатаваў адсутнасць поўнамаштабнай дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва. Кіраўнік дзяржавы выступіў з ініцыятывай стварыць міжурадавую камісію для прапрацоўкі канкрэтных пытанняў узаемадзеяння. Віцэ-прэм'ер - міністр абароны Тайланда гэту прапанову падтрымаў. Правіт Вонгсуван таксама выказаў салідарнасць з беларускім лідарам наконт павелічэння тавараабароту паміж краінамі і выступіў за тое, каб паскорыць падрыхтоўку пагадненняў у галіне інвестыцый і гандлю.
Высокі госць адзначыў, што Тайланд вельмі цікавіць супрацоўніцтва ў галіне ваенна-прамысловага комплексу, і выказаў пажаданне азнаёміцца з беларускімі абсталяваннем і ваеннай тэхнікай у час цяперашняга візіту. Ён падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём і выказаў надзею на прадаўжэнне дыялогу і супрацоўніцтва.
Акрамя таго, на сустрэчы закраналіся пытанні ўзаемадзеяння ў рэгіянальных інтэграцыйных структурах. Тайланд зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з ЕАЭС і запрашае Беларусь, якая ўдзяляе асаблівую ўвагу рэгіёну Паўднёва-Усходняй Азіі, удзельнічаць у праектах АСЕАН. Бакі абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння ў турызме і шэраг іншых тэм.