VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

31 Кст 2018

Лукашэнка агучыў канкрэтныя прапановы па забеспячэнні міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны

Лукашэнка агучыў канкрэтныя прапановы па забеспячэнні міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны

31 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы агучыў канкрэтныя прапановы па забеспячэнні міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Будзем шчырымі: вырашэнне канфлікту на Данбасе, пры жаданні, магло б быць ужо даўно знойдзена. Трэба прадаўжаць работу па ўзмацненні магчымасцей Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне і трохбаковай кантактнай групы. Мы гатовы разгледзець стварэнне ў Мінску тэхнічнага пункта трохбаковай кантактнай групы і іншага, на што мы здольны сёння дамовіцца ў Еўропе", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама лічыць важным дапоўніць дыпламатычны дыялог узаемасувязямі парламентарыяў, прадстаўнікоў рэгіянальных улад, грамадзянскай супольнасці і экспертаў.

"Неабходна весці далейшы пошук узаемапрымальнага рашэння па размяшчэнні на Данбасе міратворцаў. Магчыма, разгледзець варыянт размяшчэння сумеснай місіі ААН і АБСЕ ва Украіне. У яе склад могуць увайсці ваеннаслужачыя, паліцэйскія, грамадзянскі персанал з краін, якія на працягу ўсяго перыяду канфлікту ўносілі пасільны ўклад у яго вырашэнне. Трэба забяспечыць прынцып паэтапнасці ў разгортванні гэтай місіі, але часу амаль не засталося", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку беларускага лідара, таксама трэба было б актывізаваць і работу ў "нармандскім фармаце", каб забяспечыць дакладны механізм кантролю за выкананнем мінскіх пагадненняў. "Аднак з улікам вопыту мінулых гадоў ёсць апасенні, што гэтага будзе недастаткова", - адзначыў ён.

"Беларусь - невялікая дзяржава, але мы гатовы ўносіць сваю лепту ў вырашэнне тых ці іншых канфліктаў. Што мы, у прынцыпе, ужо робім. Але хочам адчуваць нашу большую запатрабаванасць з боку асноўных сусветных ігракоў", - заявіў Прэзідэнт.

"Прасцей кажучы, мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай граніцы, а таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з'яўляюцца неад'емнай часткай Украіны", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

"Не спяшайцеся гэта адхіляць. Нашы прапановы заснаваны на той павазе з боку ўкраінскага народа і той пазіцыі, ролі, якую адыгрывае Беларусь з самага пачатку гэтага канфлікту, - сказаў Прэзідэнт. - Мы гатовы вырашыць гэту праблему, толькі калі будзем упэўнены, што асноўныя сусветныя ігракі хочуць міру ў нашым агульным еўрапейскім доме, калі няма зацікаўленых, каб разаграваць сітуацыю ва Украіне і зрабіць яе апорнай кропкай процідзеяння Расіі і Беларусі. Думаю, дэталізаваць не трэба".

"Людзі стаміліся ад вайны ва Украіне. Гэта вайна нікому не патрэба - ні Беларусі, ні Расіі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён лічыць самай сур'ёзнай памылкай спробы пошуку вінаватых у той час, калі вырашаецца пытанне міру на Данбасе. "Мы ні ў якім разе не павінны гэты канфлікт пакінуць нашым дзецям. Але вось шукаць вінаватых - гэта пытанне дзецям можна пакінуць. Яны потым разбяруцца, калі захочуць разабрацца ў гэтым, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння не вінаватых трэба шукаць. Сёння трэба вырашаць праблему. У адваротным выпадку ўсялякія размовы аб нашым агульнаеўрапейскім доме, у якім павінен быць мір і парадак, не сумленныя".

"Каб ажыццявіць гэтыя прапановы на практыцы, трэба іх абмяркоўваць за сталом перагавораў з удзелам усіх уцягнутых бакоў. І давайце будзем сумленнымі: калі нам не ўдасца прыцягнуць за гэты стол Злучаныя Штаты Амерыкі, наўрад ці мы дасягнём мэты", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход