25 верасня, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў 25 верасня на палях Глабальнага атамнага форуму ў Маскве, ацаніў прапанову Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па далейшым лёсе Дагавора па скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выдатная ініцыятыва", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Развіваючы тэму, ён звярнуў увагу на паслядоўную палітыку Расіі і правёў паралель з тэматыкай форуму, дзе размова ішла пра развіццё атамнай энергетыкі, і ў тым ліку пра гатоўнасць Расіі дзяліцца сваімі перадавымі тэхналогіямі ў гэтай сферы. "Я сёння гаварыў пра атам. Усе нас дзяўбуць: і агрэсары, і суагрэсары, і мы такія-сякія... А мы, перш за ўсё Расійская Федэрацыя, прапануем свету: вось мірны атам, давайце развівацца, вось вам мірныя тэхналогіі - бярыце. Тое ж самае ДСНУ, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Колькі б мы тут не цялёпкаліся пра розныя канфлікты (гэта дрэнна, людзі гінуць і гэтак далей), але не дай бог мы не вырашым праблему, пра якую вы сказалі (датычыцца дзеяння ДСНУ. - Заўвага БЕЛТА), быць бядзе. І Расія ў гэты момант працягвае руку ўсім: давайце дагаворвацца. Не можаце сёння - давайце на год прадоўжым дагавор і дамовімся".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з вялікім задавальненнем пачуў аб прапанове Уладзіміра Уладзіміравіча і абсалютна яго падтрымлівае. "Гэта адсоўвае глабальную вайну", - перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сувязі з гэтым прагучала ўдакладняючая заўвага з боку журналістаў, што для вырашэння праблемы вельмі важна падтрымка з боку Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а далей прагучала пытанне аб тым, якую параду мог бы даць Аляксандр Лукашэнка амерыканскаму лідару. "Я гэта абавязкова зраблю, - сказаў у адказ Прэзідэнт Беларусі. - Дзякуй богу, у мяне ёсць такая магчымасць".
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што чуў выступленне Дональда Трампа на пасяджэнні Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Яно добра характарызуе асобу амерыканскага Прэзідэнта і дазваляе дапусціць меркаванне адносна яго адказу па дагавору ДСНУ.
"Трамп як бунтар, у добрым сэнсе слова, і рэвалюцыянер, ён адназначна падтрымае гэту ініцыятыву, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І потым, у Трампа вялікая сям'я. І, што мне падабаецца, ён любіць сям'ю, цэніць сям'ю, цэніць дзяцей, і ён ведае, да чаго можа прывесці глабальнае сутыкненне і вайна".
Акрамя таго, сам Дональд Трамп заяўляў, што за час свайго цяперашняга прэзідэнцтва змог спыніць сем войнаў. І гэта таксама характарызуе яго як асобу і палітыка, неабыякавага да мірнага ўрэгулявання. "Ён робіць усё для таго, каб гэтай (патэнцыяльна магчымай. - Заўвага БЕЛТА) вайны не было. Калі ён шчыры ў гэтым імкненні, ён абавязкова падтрымае гэту ініцыятыву (Уладзіміра Пуціна па ДСНУ. - Заўвага БЕЛТА)", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Як паведамлялася, Уладзімір Пуцін нядаўна паведаміў аб гатоўнасці Расіі пасля заканчэння тэрміну дзеяння ДСНУ ў лютым 2026 года прытрымлівацца прадугледжаных там абмежаванняў яшчэ на працягу аднаго года ў тым выпадку, калі ЗША пагодзяцца дзейнічаць гэтак жа.