Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

22 Кст 2018

Крутой: колькасць занятых у сегменце МСП да 2030 года можа скласці 2 млн

Крутой: колькасць занятых у сегменце МСП да 2030 года можа скласці 2 млн

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць занятых у сегменце малога і сярэдняга бізнесу да 2030 года можа скласці 2 млн. Такія даныя ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" прывёў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, каменціруючы нядаўна зацверджаную Стратэгію развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на перыяд да 2030 года, паведамляе БЕЛТА.

"Міністэрства эканомікі лічыць, што замест колькаснай лічбы значна важней якаснае напаўненне. І тыя станоўчыя працэсы, якія адбываюцца ў нас у сегменце малога і сярэдняга бізнесу, у апошнія два гады паказваюць, што менавіта на якасныя параметры мы павінны арыентавацца ў першую чаргу", - сказаў міністр. Ён растлумачыў, што стратэгія накіравана на дасягненне шэрага задач. Першае - гэта падатковыя паступленні ў бюджэт, даходы ад гэтага сегмента эканомікі. Сёння доля МСП складае 34 працэнты, а па выніках года можа павялічыцца да 36 працэнтаў. Другі важны момант - экспарт. Па экспарце тавараў малыя і сярэднія прадпрымальнікі забяспечваюць 36 працэнтаў, па паслугах - 39 працэнтаў. "Трэці важны напрамак - гэта колькасць занятых. У гэтым сегменце эканомікі цяпер працуюць 1,3 млн чалавек. Чакаем, што да канца стратэгіі, паводле аптымістычных ацэнак Мінэканомікі, гэта лічба павялічыцца да 2 млн занятых. Для гэтага, вядома, трэба ствараць і фарміраваць адпаведныя ўмовы", - дадаў Дзмітрый Крутой.

Гаворачы аб структуры МСП, міністр адзначыў, што цяпер прапорцыя размеркавалася так: 30 працэнтаў - сфера вытворчасці, 70 працэнтаў - паслуг. "У прынцыпе мы можам сказаць, што гэта структура будучай эканомікі Беларусі ў цэлым, таму што сёння ўсе развітыя краіны свету маюць прыкладна такія прапорцыі. Таму калі гаварыць аб сферы вытворчасці, то, па вялікім рахунку, усе нашы традыцыйныя галіны могуць вырасці за кошт сегмента МСП. Калі ўзяць сельскую гаспадарку, то гэта, безумоўна, развіццё фермерства, асабліва ў раёнах, якія знаходзяцца ў складаным эканамічным становішчы, дзе няма буйных прамысловых вытворчасцей, але ёсць вельмі вялікая прыватная ініцыятыва ў гэтым сегменце", - прадоўжыў кіраўнік ведамства.

Паводле яго слоў, сфера паслуг - гэта ключавы драйвер. Напрыклад, транспартная галіна ў сегменце МСП мае больш за $1 млрд выручкі, але патэнцыял, які можна забяспечыць у бліжэйшыя гады, складае мінімум $2-3 млрд. У IT-сферы таксама працуюць прыватныя кампаніі, дадаў Дзмітрый Крутой. Прычым доля гэтага сегмента ў ВУП расце: цяпер яна складае 3,7 працэнта, хоць яшчэ некалькі гадоў таму была менш як 1 працэнт.

Акрамя таго, плануецца перафармаціраваць работу цэнтраў па развіцці прадпрымальніцтва. Цяпер у Беларусі функцыянуе 101 цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і 26 інкубатараў. "Вядома, канкрэтнай работай з прадпрымальнікамі яны займаліся вельмі вяла і недастаткова. Таму перафармаціраваць іх работу - гэта цяпер задача нумар адзін, - адзначыў міністр. - Выпрацоўваецца падыход аб стварэнні каардынуючай асацыяцыі, агенцтва. І ў першай палавіне наступнага года мы выйдзем ужо на канцэпт работы гэтай структуры".

Стратэгія развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва "Беларусь - краіна паспяховага прадпрымальніцтва" на перыяд да 2030 года прынята для павышэння эканамічнай свабоды прадпрымальніцтва і павелічэння яго ўкладу ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, фарміравання канкурэнтнага асяроддзя і забеспячэння роўных умоў гаспадарання для суб'ектаў розных форм уласнасці. Дакумент вызначае прыярытэтныя напрамкі на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву, асноўныя задачы і прынцыпы ўдасканалення дзяржаўнага рэгулявання і падтрымкі развіцця прадпрымальніцтва.

Рэалізацыя стратэгіі плануецца ў два этапы: пераходны этап - 2018-2020 гады (удасканаленне інстытуцыянальнай базы і інфраструктуры), асноўны этап - 2021-2030 гады (стварэнне і функцыянаванне канкурэнтаздольнага і адаптыўнага прадпрымальніцкага сектара нацыянальнай эканомікі). У выніку рэалізацыі стратэгіі пры ўзгодненых дзеяннях дзяржорганаў і бізнесу долю суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме валавой дабаўленай вартасці плануецца давесці да 2030 года да 50 працэнтаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі