3 лютага, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус адзначыў наяўнасць палітычных рознагалоссяў у адносінах з Беларуссю, але выказаў упэўненасць, што гэта не з'яўляецца перашкодай для прадаўжэння дыялогу паміж краінамі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі літоўскай дыяспары ў Літоўскім цэнтры культуры, адукацыі і інфармацыі ў аграгарадку Рымдзюны Астравецкага раёна, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы суседзі і павінны сустракацца, размаўляць, паважаючы адзін аднаго, думаючы пра будучыню, хоць і маючы палітычныя рознагалоссі, што таксама не сакрэт. Але гэта ж не праблема. Мы павінны гаварыць аб гэтым адкрыта, як і належыць суседзям", - сказаў міністр.
Паводле яго слоў, Літва зацікаўлена ў падтрымцы сувязей з дыяспарай у Беларусі. "Наш народ не такі вялікі, не так шмат літоўцаў у свеце, многія жывуць за межамі Літвы, у розных краінах. Для нас кожны грамадзянін вельмі важны", - падкрэсліў міністр. І ў сувязі з гэтым адзначыў асаблівую значнасць візіту менавіта ў Гервяцкі край Беларусі, аграгарадок Рымдзюны, дзе захоўваюцца літоўскія традыцыі, працуюць школа і дзіцячы сад з літоўскай мовай навучання, адкрыты Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі.
Лінас Лінкявічус згадаў, што ў бягучым годзе Літва адзначае важны гістарычны юбілей - 30-годдзе аднаўлення незалежнасці. "Гледзячы на гэты пройдзены шлях, варта задумацца, што атрымалася, што не вельмі, як будзем у будучым сябе паводзіць, куды пойдзем, - сказаў ён. - Усе гэтыя планы ў першую чаргу залежаць ад мірнай будучыні, каб мір быў на зямлі і ў нашым рэгіёне, каб не было варожасці, а было больш узаемаразумення. На гэта мы павінны накіраваць усе свае намаганні".
Міністр выказаў удзячнасць за магчымасць візіту ў Беларусь і запэўніў у сваёй настроенасці на канструктыўны дыялог па ўсім спектры пытанняў.
Як паведамлялася, 4 лютага запланавана сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Літвы і Беларусі ў Міністэрстве замежных спраў у Мінску, а потым сумесная заява Уладзіміра Макея і Лінаса Лінкявічуса для сродкаў масавай інфармацыі.