11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь, умацоўваючы сувязі на далёкай дузе, не закрывае дзверы і для сваіх заходніх суседзяў. Гэта адзначыў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў на калегіі па выніках работы МЗС у 2025 годзе, якая праходзіць з удзелам прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў важнасць якаснага змянення беларускай прысутнасці ў краінах далёкай дугі.
"Работа з дзяржавамі Глабальнага Поўдня пераведзена з плоскасці палітычнага дыялогу ў плоскасць канкрэтнай кааперацыі. Паўнапраўны ўдзел Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і актыўнае ўзаемадзеянне ў фармаце "БРІКС плюс" стварылі новыя вокны магчымасцей для нашага бізнесу", - сказаў міністр.
Ён звярнуў увагу, што Кітай застаецца стратэгічным партнёрам на далёкай дузе. Радуе, што з Індыяй таксама нарошчваецца ўзаемадзеянне па ўсіх ключавых напрамках.
Міністр замежных спраў падкрэсліў: "Акрамя таго, мы бачым, што запыт на беларускі вопыт і тэхналогіі стабільна расце ў краінах Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. Мы за гэты год канчаткова разбурылі міф аб тым, што нас там ніхто не чакае. Наадварот - кантактаў і супрацоўніцтва з намі там шукаюць".



Ён таксама падкрэсліў: "У 2025 годзе Беларусь нарасціла экспарт у Афрыку да $670 млн. Практычна ў паўтара раза (144 працэнты) павялічыўся беларускі экспарт у Лацінскую Амерыку, на трэць мы выраслі і на азіяцкім напрамку (133 працэнты)". Нараўне з гэтым кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства канстатаваў, што, на жаль, па аб'ектыўных прычынах аселі паказчыкі па Блізкім Усходзе і іх далейшая дынаміка будзе залежаць ад сітуацыі ў рэгіёне, якая пакуль развіваецца па вельмі негатыўным сцэнарыі.
"Разам з тым, умацоўваючы сувязі на далёкай дузе ў цэлым, мы не закрываем дзверы і для нашых заходніх суседзяў. Пазіцыя Мінска нязменная: мы за прагматычны дыялог, але толькі на роўных, а не на мове ўльтыматумаў", - рэзюмаваў ён.
Міністр замежных спраў Беларусі выступіў з асноўным дакладам, пасля чаго будуць заслуханы выступленні шэрага паслоў, міністраў прамысловасці і эканомікі, а таксама дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме з улікам важнасці гэтай тэмы. Акрамя таго, плануецца выступленне кіраўніцтва Аршанскага льнокамбіната.
На мерапрыемства запрошаны кіраўнікі і прадстаўнікі галіновых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, канцэрнаў, Нацыянальнага банка Беларусі, Белстата, абласных выканаўчых камітэтаў і Мінгарвыканкама.
Вынікі пасяджэння калегіі Міністэрства замежных спраў Беларусі падвядзе прэм'ер-міністр, які таксама зробіць акцэнт на задачах у бягучым 2026 годзе.