Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

11 Nov 2020

Карпаў: у экспертнай групы назапашаны пэўны вопыт па процідзеянні COVID-19

Карпаў: у экспертнай групы назапашаны пэўны вопыт па процідзеянні COVID-19

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У экспертнай групы назапашаны пэўны вопыт па процідзеянні COVID-19, адзначыў у час нарады па пытаннях процідзеяння распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі ў Савеце Рэспублікі загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Другая чаканая хваля захворвання COVID-19 праходзіць у час уздыму сезонных вострых рэспіраторных інфекцый, і яна ставіць шэраг сур'ёзных пытанняў і па аб'ёме аказання дапамогі, і па колькасці пацыентаў. На гэтай нарадзе мы размаўляем пра ўсё, што неабходна наконт аказання медыцынскай дапамогі нашым пацыентам. І цэлы комплекс пытанняў будзе абмеркаваны. Спачатку гэта будуць пытанні, звязаныя са стацыянарнай і амбулаторнай дапамогай, затым закранём эпідсітуацыю", - сказаў Ігар Карпаў.

Ён нагадаў, што ў Беларусі ствараюцца рэгіянальныя штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19. "Сапраўды, у экспертнай групы назапашаны пэўны вопыт. Маніторынгавыя групы ў першую хвалю працавалі ва ўсіх рэгіёнах. Цяпер вырашана пашырыць работу такіх груп за кошт спецыялістаў з абласцей. Гэта калегіяльная дапамога тым дактарам, якія знаходзяцца на вастрыі гэтай праблемы, якія штодзённа і штогадзінна аказваюць дапамогу пацыентам з COVID-19", - адзначыў загадчык кафедры.

Як падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, сённяшняя нарада - працяг размовы, якая была на мінулым тыдні ў Прэзідэнта. "Кіраўнік дзяржавы дакладна вызначыў, што за кожным рэгіёнам і Мінскам замацаваны службовыя асобы, якія будуць займацца арганізацыяй гэтай работы. Неабходна даць аб'ектыўную ацэнку, як сёння аказваецца медыцынская дапамога ў Мінску, таму што мы бачым, што колькасць выпадкаў кавід-інфекцыі павялічваецца. І нам трэба прымаць усе меры для таго, каб эфектыўна аказваць медыцынскую дапамогу, каб эфектыўна працавалі нашы ўстановы аховы здароўя. Але, што немалаважна, мы павінны аказваць дапамогу і хворым з іншымі захворваннямі", - заявіла яна.

Спікер адзначыла, што Савет Рэспублікі і Міністэрства аховы здароўя рэгулярна праводзяць селектарныя нарады з рэгіёнамі і ўстановамі аховы здароўя. "Сёння раніцай адбылася чарговая такая нарада, на якой кожная вобласць рабіла справаздачу аб тым, як складваецца сітуацыя ў іх рэгіёне. Мы бачым, што рост ёсць. Але разам з тым, ёсць свабодныя месцы ў бальніцах, што дае магчымасць нам аказваць меддапамогу. Ёсць сродкі індывідуальнай аховы, на чым мы робім асаблівы акцэнт. Ёсць у дастатковай колькасці лекавыя прэпараты і, вядома, ёсць пратаколы лячэння", - сказала яна.

Наталля Качанава ўдакладніла, што ў час нарады ў Савеце Рэспублікі з прадстаўнікамі навуковай супольнасці размова будзе ісці аб эпідсітуацыі ў рэгіёнах і аб тым, якія меры яшчэ неабходна прыняць, каб гэта сітуацыя складвалася найбольш спрыяльна. Таксама размова будзе ісці аб захваральнасці ў Мінску. "І тут без глыбокага аналізу і аналітыкі абысціся проста немагчыма. Вядома, сезоннасць адыгрывае ролю ў гэтай хваробе. І мы чакалі ўздыму ў кастрычніку-лістападзе. Сёння разумеем, што гэту хваробу можна лячыць і амбулаторна, і не кожны мае патрэбу ў стацыянарным лячэнні. Акрамя таго, мы ўсюды адкрылі ўстановы, якія займаюцца далечваннем хворых", - растлумачыла спікер.

Наталля Качанава падкрэсліла, што сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы і ўсіх органаў улады. "Сродкі індывідуальнай аховы, абсталяванне, ложка-месцы, медперсанал - гэта тыя пытанні, якія знаходзяцца на пастаянным кантролі. Мы ўзнавілі работу абласных штабоў, якія ўзначальваюць губернатары. Наша задача сёння - старацца рабіць усё, каб аказваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу", - рэзюмавала яна.
 
Дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Святлана Лукашык акцэнтавала ўвагу на асноўных мерах прафілактыкі. "Перш за ўсё варта выконваць тыя рэкамендацыі, якія вельмі добра абазначаны эпідэміёлагамі. Гэта нашэнне масак, дыстанцыраванне. Кожны з нас павінен памятаць, што мы абавязаны берагчы нашых блізкіх, асабліва пажылых людзей, паколькі хварэюць яны больш цяжка. Для таго каб захваральнасць скарачалася, мы ўсе павінны працаваць у адзіным ключы", - сказала яна.

Асаблівую ўвагу медыкі звяртаюць на дзяцей. "Безумоўна, дзеці хварэюць, але на наша шчасце, у больш лёгкай форме. Аднак разам з тым дзеці з'яўляюцца ўніверсальнымі пераносчыкамі. Яны прыносяць інфекцыю ў сям'ю. Таму што калі даросламу чалавеку дастаткова проста растлумачыць, што такое сацыяльнае дыстанцыраванне і нашэнне маскі, то для дзіцяці ў тым калектыве, у якім яно мае стасункі, - гэта практычна немагчыма", - дадаў загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Горбіч.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі