Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

13 Ліс 2017

Кабякоў: Урад Беларусі прадоўжыць усямерна падтрымліваць прадпрымальніцтва

Кабякоў: Урад Беларусі прадоўжыць усямерна падтрымліваць прадпрымальніцтва

13 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Урад Беларусі будзе і далей усямерна падтрымліваць прадпрымальніцтва. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на адкрыцці VII Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва, які праходзіць у рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Урад будзе і далей усямерна падтрымліваць развіццё прадпрымальніцтва, рэалізоўваць на практыцы новыя формы і механізмы ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу", - сказаў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, будуць падтрымлівацца ініцыятывы прыватнага сектара па пашырэнні і паўсюдным распаўсюджванні ідэй прадпрымальніцтва шляхам удзелу ў фарміраванні адкрытага дыялогу бізнесу і ўлады.

"Роля прадпрымальніцтва ў нацыянальнай эканоміцы, стварэнні новых рабочых месц і ўстойлівым сацыяльным развіцці высокая. Гэты сегмент эканомікі здольны хутка рэагаваць на зменлівыя ўмовы рынку, генерыраваць і за кароткі тэрмін увасабляць інавацыйныя ідэі ў рэальныя праекты, займаць новыя нішы на рынках тавараў і паслуг, пашыраць сваю прысутнасць на знешніх рынках", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Урад вельмі зацікаўлены ў развіцці малога і сярэдняга бізнесу. "У гэтым сектары працуе трэць усіх занятых у эканоміцы. Гэта ўжо нямала. Але патэнцыял для далейшага развіцця і росту вялікі, і мы маем намер яго выкарыстоўваць", - запэўніў Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што безумоўным прыярытэтам дзяржавы з'яўляецца вырашэнне задач па павышэнні цікавасці да прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнні магчымасцей для развіцця малых і сярэдніх кампаній, фарміравання на іх базе кропак эканамічнага росту і павышэння канкурэнтаздольнасці краіны. У гэтых мэтах у Беларусі створаны розныя прэферэнцыяльныя рэжымы, сферы дзейнасці якіх шырокія - ад стымулявання высокатэхналагічных і экспартаарыентаваных вытворчасцей да комплекснага развіцця рэгіёнаў краіны.

"Мы актыўна стымулюем стварэнне кампаній у малых гарадскіх паселішчах і сельскай мясцовасці. Урад пастаянна працуе над паляпшэннем умоў вядзення бізнесу. Інструменты эканамічнай палітыкі накіраваны на падтрыманне добрасумленнай канкурэнцыі, стымуляванне стварэння новых рабочых месц у сферы вытворчасці тавараў і паслуг за кошт прыцягнення перш за ўсё прыватных інвестыцый", - канстатаваў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў нагадаў, што цяпер рэалізуецца комплекс мер па разняволенні дзелавой ініцыятывы. "У гэтым годзе мы робім чарговы крок па максімальнай лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. У цесным узаемадзеянні з прадпрымальніцкай супольнасцю падрыхтаваны пакет дзесяці праектаў нарматыўных прававых актаў. Восем з іх падпісаны ўжо кіраўніком дзяржавы, два дакументы знаходзяцца на яго разглядзе. Сур'ёзна рэфармавана кантрольна-наглядная дзейнасць - акцэнт у рабоце перанесены на прафілактычны складнік. Уведзены інстытут падатковых кансультантаў. У прадпрымальнікаў з'явілася магчымасць атрымаць прафесійную параду ў спецыяліста, які нясе адказнасць за свае рэкамендацыі", - расказаў ён.

Прэм'ер-міністр праінфармаваў, што радыкальна скарачаецца аб'ём абавязковых патрабаванняў санітарных і экалагічных норм, тэхнічных стандартаў. Істотна спрашчаюцца ўмовы пачатку работы прадпрымальнікаў, пашыраюцца магчымасці для доступу да фінансавых рэсурсаў. Па ініцыятыве ўрада створаны інстытут малога і сярэдняга прадпрымальніцтва - Банк развіцця. "Праз гэты канал ініцыятыўныя прадпрымальнікі могуць на конкурснай аснове атрымаць доўгатэрміновыя крэдыты на прывабных умовах для рэалізацыі сваіх інвестыцыйных праектаў", - дадаў Андрэй Кабякоў.

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць сёмы раз у Беларусі з 13 па 19 лістапада. Тэма ў гэтым годзе - стартапы. Адкрыў тыдзень VII Міжнародны форум прадпрымальніцтва, прысвечаны тэме "Сінергія. Стартапы і карпарацыі". На форуме абмяркоўваюцца новыя інавацыйныя стратэгіі бізнесу, фінансавыя інструменты для падтрымання бізнесу і г.д. У праграме тыдня таксама дзіцячы фестываль "Я - будучы прадпрымальнік" і Дзень інвестара, які будзе насычаны лекцыямі і практычнымі майстар-класамі для інвестараў і бізнес-анёлаў.

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праводзіцца ў больш як 160 краінах свету і дапамагае 20 млн людзей рэалізаваць свой патэнцыял дзякуючы ўдзелу ў 95 тыс. мерапрыемстваў. Беларусь далучылася да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў 2011 годзе і стала 137-й краінай - удзельніцай буйнейшай прадпрымальніцкай ініцыятывы ў свеце.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі