30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадзяне Польшчы Гжэгаж Гавел і Томаш Бяроза падзякавалі Прэзідэнту Беларусі за рашэнне аб вызваленні. Адпаведнае відэа паказалі ў эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БЕЛТА.
Пасля аб'яўлення аб адмене меры стрымання і вызваленні з-пад варты Гавел падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы."Дзякуй вялікі спадару Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. Таксама я дзякую ўсім супрацоўнікам КДБ за знаходжанне тут. Гэта мяне шмат чаму навучыла", - сказаў ён.
Бяроза пасля аб'яўлення аб вызваленні ад пакарання за ўчыненае злачынства, відавочна, адчуў моцныя эмоцыі - ён закрыў твар рукамі. "Вялікі дзякуй усім", - затым сказаў Бяроза.
Як паведамілі ў эфіры тэлеканала, польскі шпіён Гжэгаж Гавел быў затрыманы ў 2025 годзе з доказамі злачынства пры спробе вывезці з Беларусі сакрэтныя ваенныя даныя. Агент польскіх спецслужбаў Томаш Бяроза рыхтаваў для іх сховішчы і месцы назірання.
У ліку памілаваных Андрэй Пачобут, які таксама адбываў пакаранне за ўчыненне шэрага асабліва цяжкіх злачынстваў. З улікам асабістай просьбы да Прэзідэнта Беларусі маці Андрэя Пачобута і дырэктара школы польскай мовы Анжалікі Борыс кіраўнік дзяржавы даручыў КДБ уключыць асуджанага ў абменны працэс.
Анжаліка Борыс пацвердзіла, што Пачобут выехаў у Польшчу. "Але ён у любы час можа вярнуцца ў Беларусь. У яго няма абмежаванняў", - сказала яна.
"Я хацела б падзякаваць Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за тое, што Анджэй знаходзіцца на волі і што ён можа свабодна вярнуцца ў Беларусь", - адзначыла Анжаліка Борыс.