16 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Лаўрэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" кампазітары Аляксандр Зацэпін і Леанід Захлеўны падзяліліся эмоцыямі пасля атрымання прэстыжнай узнагароды на адкрыцці XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны, аўтар гімна "Славянскага базару" - песні "Усе кветкі ліпеня" адзначыў, што атрыманая ўзнагарода для яго - сапраўдны гонар. "У мяне сёння святочны дзень як для кампазітара - атрымліваць з рук нашага Прэзідэнта такую высокую прэмію. Яна шмат да чаго абавязвае, і я далей буду старацца пісаць натхнёна, шчыра, сардэчна - на карысць нашай Беларусі", - сказаў ён.




Расійскі кампазітар Аляксандр Зацэпін, які сёлета адзначыў 100-гадовы юбілей, расказаў, што пра Беларусь даведаўся ў раннім дзяцінстве дзякуючы маці. "Калі мне яшчэ было тры гады, мама спявала песеньку "Чаму ж мне не пець? Чаму ж не гудзець, калі ў маёй хатачцы парадак ідзець?". Я вельмі часта гэту песню ўспамінаю і напяваю. Аляксандр Рыгоравіч, дзякуй вам вялікі, я атрымаў такое задавальненне і ўдзячны вам за тое, што вы мяне не забылі", - выказаў словы ўдзячнасці аўтар многіх вядомых песень з савецкіх кінафільмаў.
Сёння на Плошчы лаўрэатаў Летняга амфітэатра з'явіліся дзве імянныя зоркі кампазітараў, якія ўнеслі вялікі ўклад у музычнае мастацтва Беларусі і Расіі.