22 сакавіка, Лагойскі раён /Кар. БЕЛТА/. Хатынь - гэта сведчанне найвышэйшай мужнасці народа, які перамог фашызм. Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч у мемарыяльным комплексе "Хатынь" у час мерапрыемстваў, прысвечаных 82-й гадавіне з дня трагедыі беларускай вёскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння мы знаходзімся тут у чарговую гадавіну Хатынскай трагедыі. Мы аддаём даніну памяці, глыбокай павагі нашым суайчыннікам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Не толькі беларускаму народу - усім народам вялікага Савецкага Саюза, якога закранула гэта бяда ваеннага ліхалецця. І такія мемарыяльныя комплексы, як "Хатынь", іншыя мемарыяльныя комплексы на тэрыторыі Расіі, Беларусі, у іншых месцах - гэта не толькі сімвал пакут, гэта сведчанне найвышэйшай мужнасці народа, які выстаяў у страшнай вайне, народа, які перамог фашызм, ачысціў не толькі сваю краіну, але і многія краіны Еўропы ад карычневай чумы - фашызму. Акрамя таго, гэта бясцэнная крыніца гістарычнай памяці, памяці народа, які сапраўды адчуў на сабе трагедыю вялікай вайны", - сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Паводле яго слоў, гэта вельмі важна помніць. "Вельмі важна помніць і як мага часцей прыходзіць у такія месцы. Прыходзіць самім, прыводзіць дзяцей, моладзь. Расказваць на жывых, скажам так, прыкладах, гістарычных прыкладах, тыя гістарычныя факты", - адзначыў дзяржсакратар.
"У свеце развязана інфармацыйная вайна, у тым ліку супраць нашай краіны, супраць Беларусі. Інфармацыйная вайна, якая нацэлена на перапісванне гісторыі, на фальсіфікацыю падзей, на перафармаціраванне думак і напрамкаў у галовах нашай моладзі, перафармаціраванне свядомасці маладога пакалення, - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. - Таму ў Беларусі пытанні гістарычнай памяці аднесены да нацыянальных інтарэсаў. І мы свае нацыянальныя інтарэсы абараняем. А абараняем як? Прыходзячы сюды, успамінаючы, прыводзячы моладзь. Я сказаў бы, такія мемарыялы - своеасаблівая прышчэпка, імунітэт ад тых выклікаў і пагроз, якія сёння ў інфармацыйным плане развязаны супраць суверэнных дзяржаў і народаў. У Беларусі гэта добра разумеюць".
Беларусь нацэлена на забеспячэнне бяспекі, міру. "І такімі мерапрыемствамі мы ўносім уклад у забеспячэнне бяспекі. Мы такім чынам абараняем свае нацыянальныя інтарэсы, таму што гэтага патрабуе жыццё. Не будзем абараняць мы, не будзем помніць мы - гісторыю перапішуць, і акунёмся ў бяздонне таго, што было 80 гадоў таму. Мы гэтага не хочам, - дадаў дзяржсакратар. - Гэта важна помніць, цаніць, выхоўваць моладзь на гістарычных прыкладах, на прыкладах памяці нашых продкаў, якія сапраўды былі вялікім пакаленнем пераможцаў".