3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стварэнне асяроддзя для развіцця прамысловасці, праграма імпартазамяшчэння як гарантыя эканамічнай бяспекі, харчовая бяспека - намеснік міністра замежных спраў Беларусі Павел Уцюпін, які завяршае місію ў статусе пасла ў Казахстане, у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" расказаў аб прыярытэтах старшынства Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), паведамляе БЕЛТА.
Павел Уцюпін, адказваючы на пытанне, як, на яго погляд, павінен складвацца 2025 год у развіцці партнёрскіх сувязей, улічваючы, што Беларусь старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза, падкрэсліў: "Акцэнт - на паглыбленні супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Мы прадставілі ўжо наша бачанне старшынства. Яно вельмі шырокае і ўключае вялікія напрамкі супрацоўніцтва".
Па-першае, гэта стварэнне асяроддзя для развіцця прамысловасці, адзначыў дыпламат. Ён выказаў упэўненасць, што тыя прыклады, якія ёсць сёння на двухбаковым трэку партнёрства Беларусі і Казахстана, важна далей развіваць і шукаць праекты з магчымасцю ўдзелу і іншых краін - удзельніц еўразійскай прасторы.
Акрамя таго, гэта і праграма імпартазамяшчэння. "Мы бачым дальнабачнасць кіраўніка (беларускай. - Заўвага БЕЛТА) дзяржавы. Яшчэ 20 гадоў таму мы толькі пачыналі імпартазамяшчальныя праекты, і сёння бачым, што гэта гарантыя эканамічнай бяспекі нашай краіны. Адпаведна развіццё імпартазамяшчальных прадуктаў, якія імпартуюцца на тэрыторыю еўразійскай прасторы, павінна стаць тэмай для абмеркавання", - перакананы Павел Уцюпін.
Таксама ў ліку прыярытэтаў - харчовая бяспека, насенняводства, селекцыйная работа, лічбавізацыя. "Сёння гэта сфера, без якой немагчыма далейшае развіццё", - сказаў на заканчэнне дыпламат.