Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

18 Mar 2021

Дзяржатамнагляд расказаў, як кантралюецца забеспячэнне бяспекі пры ўводзе БелАЭС

Дзяржатамнагляд расказаў, як кантралюецца забеспячэнне бяспекі пры ўводзе БелАЭС
Фота з архiва

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік упраўлення арганізацыі нагляду за ядзернай і радыяцыйнай бяспекай ядзерных установак Дзяржатамнагляду Максім Мазурэнка расказаў аб дзяржаўным наглядзе за забеспячэннем ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў кантэксце падрыхтоўкі да камерцыйнай эксплуатацыі энергаблока нумар 1 Беларускай АЭС, паведамляе БЕЛТА.

Сістэма кантролю

"Беларуская АЭС - безумоўна, унікальны праект для краіны як з пункту гледжання маштабу (размова ідзе не толькі пра саму станцыю, але і пра звязаную з ёй інфраструктуру ядзернай і радыяцыйнай бяспекі), так і з пункту гледжання інавацый, тэхналогій і эканамічнага эфекту. Паколькі наша грамадства зведала наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, то з боку насельніцтва да дзяржавы ёсць канкрэтнае запатрабаванне на забеспячэнне належнага ўзроўню бяспекі і кантроль за гэтым", - адзначыў Максім Мазурэнка.

Заканадаўствам на аб'ектах выкарыстання атамнай энергіі ўстаноўлены рэжым пастаяннага нагляду. Як растлумачыў прадстаўнік Дзяржатамнагляду, на практыцы такі рэжым адносна пляцоўкі ўзвядзення Беларускай АЭС азначае магчымасць правядзення кантрольна-наглядных мерапрыемстваў у любы час і з любой частатой. Іх могуць праводзіць дзяржорганы, якія кантралююць тыя ці іншыя аспекты, што ўплываюць на бяспеку. У іх ліку МНС, у склад якога ўваходзіць і Дзяржатамнагляд, Міністэрства аховы здароўя, Мінпрыроды, Мінпрацы, Мінэнерга, МУС і Дзяржстандарт. "Кругласутачны неабмежаваны доступ на аб'екты выкарыстання атамнай энергіі для кантралюючых органаў - базавае патрабаванне МАГАТЭ да краін з атамнай энергетыкай", - падкрэсліў эксперт.

Дзяржатамнагляд кантралюе практычна ўсе аспекты дзейнасці ДП "Беларуская АЭС", а таксама ключавых арганізацый па праекце ўзвядзення станцыі, у тым ліку генеральнага падрадчыка. Што датычыцца эксплуатуючай арганізацыі, праверкі праводзяцца па тэхнічных пытаннях (стан абсталявання і гатоўнасць сістэм да ключавых этапаў уводу ў эксплуатацыю), арганізацыйна-тэхнічных (арганізацыя мантажу, наладкі, выпрабаванняў, зварачнай вытворчасці) і арганізацыйных (эфектыўнасць інтэграванай сістэмы кіравання прадпрыемствам, сістэма падрыхтоўкі персаналу, ацэнка ўзроўню культуры бяспекі і лідарства).

Праверкі на пляцоўцы БелАЭС

Інспектары Дзяржатамнагляду праводзяць праверкі пастаянна. "Гэта значыць, у любы момант часу на пляцоўцы Беларускай АЭС праводзіцца тая ці іншая праверка", - сказаў Максім Мазурэнка.

Паводле яго слоў, на станцыі праводзіцца вельмі шмат мерапрыемстваў, якія трэба кантраляваць. Нейкія з іх - у рэжыме "сёння на сёння" або "сёння на заўтра", яны патрабуюць мінімальнай увагі. "Не ўсе такія мерапрыемствы можна і мэтазгодна планаваць як праверкі. Таму, акрамя праверак, інспектары Дзяржатамнагляду выконваюць абходы пляцоўкі практычна штодзень: кантралююць правядзенне тых ці іншых работ з абсталяваннем, ацэньваюць ход работы камісій ДП "Беларуская АЭС" па ацэнцы ведаў, рэгістрацыі абсталявання, правядзенні атэстацыі зваршчыкаў, тэхналогій зварачных работ. Яны звяртаюць увагу на агульны парадак на пляцоўцы як на элемент культуры бяспекі. За мінулы год у нас, напрыклад, было 185 кантрольна-наглядных мерапрыемстваў адносна пляцоўкі Беларускай АЭС, з іх 64 праверкі ў прамым разуменні, як іх вызначае заканадаўства", - растлумачыў эксперт.

Паколькі пытанні праверак вельмі рознабаковыя па тэматыцы, а кантраляваць даволі шырокі пералік работ неабходна ў рэжыме 24/7, то Дзяржатамнагляд з улікам рэкамендацый МАГАТЭ прымяняе дыферэнцыраваны падыход. "Напрыклад, тэхнічныя і арганізацыйна-тэхнічныя пытанні на бягучым этапе жыццёвага цыкла станцыі мы глядзім часцей, чым арганізацыйныя. Пытанні, звязаныя з абсталяваннем 1-га і 2-га класаў бяспекі, - у прыярытэце адносна работ з абсталяваннем 3-га класа. Але і па 4-м класе бяспекі (не ўплывае непасрэдна на ядзерную і радыяцыйную бяспеку) таксама не пакідаем абсталяванне без увагі", - звярнуў увагу прадстаўнік Дзяржатамнагляду.

Акрамя праверак, Дзяржатамнагляд займаецца вялікім аб'ёмам пытанняў, звязаных з ацэнкай уплыву на ядзерную або радыяцыйную бяспеку тых ці іншых тэхнічных рашэнняў, якія прымаюцца на пляцоўцы АЭС. Гэта дзясяткі і сотні старонак тэхнічных дакументаў практычна кожны дзень, на якія неабходна даваць абгрунтаваныя адказы аб магчымасці рэалізацыі пэўных рашэнняў.

Тэхнічная інспекцыя станцыі

Адказнасць за якасць правядзення ўсіх работ і выкананне ўсіх патрабаванняў як у галіне бяспекі, так і іншых галінах ускладзена на эксплуатуючую арганізацыю (ДП "Беларуская АЭС"). "Нашы інспектары забяспечваюць дадатковы кантроль з боку дзяржавы, таму задачы татальна пераправяраць работу станцыі ў нас не стаіць, адпаведна не прадугледжаны рэсурсы пад гэта, - адзначыў Максім Мазурэнка. - У ДП "Беларуская АЭС" створана свая сістэма кантролю за тым, што адбываецца на станцыі. Найбольш блізкі да нас па сутнасці вырашаемых задач аддзел тэхнічнай інспекцыі станцыі. Мы іх нават называем калегамі па цэху часам, хоць яны працуюць на паднагляднай нам арганізацыі".

Работнікі тэхнічнай інспекцыі ДП "Беларуская АЭС" павінны кантраляваць якасць правядзення работ на пляцоўцы, іх адпаведнасць усім устаноўленым патрабаванням, прычым рабіць гэта з максімальным ахопам такіх работ. Як растлумачыў эксперт, тэхнічная інспекцыя станцыі - гэта нейкі аналаг бесперапыннага аўдыту, мэтай якога з'яўляецца данесці да кіраўніцтва станцыі існуючыя праблемы і дабіцца іх вырашэння. "Заканадаўчая адказнасць за бяспеку ўскладзена на ДП "Беларуская АЭС", таму ў інтарэсах падраздзяленняў гэтага прадпрыемства выяўляць максімальную колькасць праблемных пытанняў", - падкрэсліў Максім Мазурэнка.

Пры гэтым работнікі інспекцыі Дзяржатамнагляду на пляцоўцы Беларускай АЭС прадстаўляюць дзяржаўны кантроль у галіне забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі - незалежны ад уласніка аб'екта інструмент. З яго дапамогай дзяржава пераконваецца ў тым, што патэнцыяльна небяспечная дзейнасць вядзецца з выкананнем устаноўленых патрабаванняў па бяспецы, а ўласнік мае ў сваім распараджэнні інструменты для своечасовага выяўлення праблем.

Выяўленне неадпаведнасцей на пляцоўцы БелАЭС

Згодна з тэрміналогіяй, парушэнні - гэта ўжо факт, значыць, ужо адбылася падзея, якая не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням, у тым ліку ў галіне ядзернай або радыяцыйнай бяспекі. Неадпаведнасць - гэта своечасова выяўленая патэнцыяльная праблема, якая, калі яе не ўстараніць, перарасце ў парушэнне.

"Кантрольна-наглядныя мерапрыемствы на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС маюць папераджальны характар. Гэта значыць, асноўная мэта ў інспектараў Дзяржатамнагляду - своечасова выявіць менавіта неадпаведнасць, а не чакаць, каб яна перарасла ў парушэнне. Гэтым жа займаюцца і ўнутраныя кантралюючыя службы станцыі", - звярнуў увагу Максім Мазурэнка.

Паводле яго слоў, неадпаведнасці патрабаванням выяўляюцца даволі часта. "Гэта ў прынцыпе не з'яўляецца нейкім паказчыкам якасці выконваемых работ на пляцоўцы. Узвядзенне блокаў АЭС прадугледжвае не адзін дзясятак арганізацый і не адну сотню адначасова выконваемых будаўнічых, мантажных, пусканаладачных работ і іншага. Праект не можа ідэальна ўлічыць усе нюансы яго рэалізацыі на практыцы ні на адным аб'екце. У своечасовым выяўленні такіх неадпаведнасцей і заключаецца адна з нашых задач і задач кантралюючых службаў эксплуатуючай арганізацыі. Вось калі б іх не выяўлялі зусім, тады трэба было б задумацца, што мы нешта робім не так", - падкрэсліў прадстаўнік Дзяржатамнагляду.

"Дарэчы, што датычыцца энергаблока нумар 1, які знаходзіцца на завяршальным этапе ўводу ў эксплуатацыю, то адчуваецца значнае павышэнне адказнасці за выконваемыя работы на ўзроўні цэхаў станцыі. Ды і ў цэлым склад арганізацый, што працуюць на блоку нумар 1, цяпер іншы - гэта вопытныя арганізацыі, якія запусцілі не адзін блок у Расіі і за мяжой. Таму неадпаведнасці, характэрныя для этапу збудавання, засталіся ў мінулым. Ды і нагляд змяніўся, укараняюцца тыя яго элементы, якія істотныя для этапу эксплуатацыі", - рэзюмаваў эксперт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі