25 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі ААН намецілі рамачную праграму работы ў Беларусі ў 2026-2030 гадах. Аб гэтым паведаміў у Брэсце пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь (мы вельмі гэтым ганарымся) на 30-м месцы сярод 166 краін (у рэйтынгу дасягнення Мэт устойлівага развіцця. - Заўвага БЕЛТА). Нягледзячы на санкцыі, Беларусь рухаецца наперад", - сказаў Расул Багіраў. Ён звярнуў увагу, што Беларусь пэўных Мэт устойлівага развіцця ўжо дасягнула. Выкананне іншых чакаецца да 2030 года.
Прадстаўнікі ААН намецілі рамачную праграму на наступную пяцігодку. "У гэтым годзе мы пачалі дыялог з урадам. Гэта праграма не будзе знаходзіцца ў нейкім вакууме, яна прывязана да тых прыярытэтаў, мэт і задач, якія ставіць перад сабой дзяржава. Гэта праграма будзе своеасаблівым пагадненнем паміж урадам і сістэмай ААН. Папярэдне мы выпрацавалі і прапанавалі дзяржаве чатыры прыярытэты", - адзначыў пастаянны каардынатар ААН у Беларусі.
Гэтыя прыярытэты датычацца чалавечага развіцця і дабрабыту для ўсіх, інклюзіі, экалогіі і клімату, а таксама міру. "Гэта асноўны складнік развіцця. Таму што без міру, на самай справе, нічога не можа быць. Гэта з'яўляецца новаўвядзеннем у нашым падыходзе і будзе закладзена на наступныя пяць гадоў у самой праграме. Мы прысвяцім некаторыя нашы мерапрыемствы падтрымцы міру", - звярнуў увагу Расул Багіраў.
Брэсцкую вобласць 24-25 лютага наведваюць прадстаўнікі міжнародных арганізацый - ААН, ПРААН, СААЗ. З дэлегацыяй працуюць нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Ігар Брылевіч.