1 сакавіка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Бельгійскі бізнес зацікаўлены ва ўзмацненні ўзаемадзеяння з беларускімі кампаніямі, паведаміла сёння генеральны дырэктар Валонскага агенцтва па экспарце і замежных інвестыцыях Awex Паскаль Дэлькамінет на адкрыцці дзелавых сустрэч "В2В Беларусь - Бельгія 2016", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы даўно не прыязджалі ў Беларусь, апошняя эканамічная місія была арганізавана ў 2009 годзе. Але мы прымалі ў Бельгіі вялікую колькасць беларускіх дэлегацый. Мы плануем арганізаваць шэраг сустрэч, своеасаблівае роўд-шоу, дзе беларускія кампаніі змогуць сустрэць партнёраў з Бельгіі, якія працуюць у розных сектарах эканомікі", - адзначыла Паскаль Дэлькамінет.
У жніўні 2015 года створана беларуска-бельгійскае агенцтва па экспарце-імпарце Belexia. "Гэта дазволіла даць важны сігнал для ўзмацнення ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі", - падкрэсліла яна.
Паскаль Дэлькамінет заявіла, што Беларусь і Бельгія маюць падабенства адразу па некалькіх пазіцыях. Перш за ўсё, гэта прыблізна аднолькавая колькасць насельніцтва. Бельгійская эканоміка адкрытая, як і эканоміка Беларусі.
"Нашы дзве краіны з'яўляюцца платформамі ўваходу ў інтэграцыйныя ўтварэнні: Беларусь - у Еўразійскі эканамічны саюз, Бельгія - у Еўрасаюз. Думаю, што ёсць шэраг ініцыятыў, якія можна развіваць у гэтым напрамку", - падагульніла Паскаль Дэлькамінет.
Дзелавыя сустрэчы "В2В Беларусь - Бельгія 2016" праходзяць у Мінску 29 лютага - 2 сакавіка. Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Валонскае агенцтва па экспарце і замежных інвестыцыях Awex і беларуска-бельгійскае агенцтва па экспарце-імпарце Belexia. Мэта дзелавых сустрэч - пошук патэнцыяльных партнёраў для запуску сумесных праектаў па выпуску інавацыйнай і канкурэнтаздольнай прадукцыі і прадастаўленне магчымасцей па выхадзе на сусветныя рынкі.