7 жніўня, Вілейка /Кар. БЕЛТА/. Беларусы сталі жыць лепш, але трэба варушыцца. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў у час размовы з жыхарамі Вілейскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Непапулярна скажу: людзі намнога лепш сталі жыць. І той, хто хоча добра жыць, можа добра жыць. Так склалася сёння: вайна там, вайна там... Расія, Усход праз Беларусь сёння размаўляюць з Захадам - Еўропай. Велізны паток ідзе цераз нас, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Хтосьці тармозіць - гэта канкурэнцыя, ідзе барацьба. Але нашым беларусам трэхба не спаць, трэба варушыцца".
"На любым патоку ты можаш нешта зарабіць. І прадпрымальныя людзі зарабляюць. Хтосьці не хоча - так і жыве тады. Інакш і быць не можа, як бы гэта непапулярна ні гучала", - упэўнены ён.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што сёння ў беларусаў ёсць магчымасці, якіх не было дзесяцігоддзі таму. Гэта датычыцца ў тым ліку працаўладкавання і заработку. "Працуй дзе хочаш, зарабляй", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы зноў выказаўся аб неабходнасці захоўваць дысцыпліну і старанна працаваць на рабочых месцах. З борта верталёта Прэзідэнт вывучыў стан палёў цэнтральнага рэгіёна і адзначыў, што ў Вілейскім раёне неабходна павышаць культуру земляробства. "Я быў у Брэсцкай, Гродзенскай абласцях - такія ж глебы і землі. А працуюць яны лепш. У Мінскай вобласці вазьміце поўдзень - людзі варушацца, працуюць", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка параўнаў стан зямель у Вілейскім раёне з горшымі раёнамі Віцебскай вобласці: "Віцебская вобласць таксама розная. Талачын, Орша, Сянно, Дуброўна, Віцебск - больш-менш, нічога. А на поўначы (Верхнядзвінск і гэтак далей) - гэта як у вас тут. Таму вам трэба крыху падцягвацца".
Пазітыўныя змены, што адбываюцца ў рэспубліцы, заўважаюць і расіяне. Да кіраўніка дзяржавы звярнулася грамадзянка Расіі, якая ўжо дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Пераезд быў звязаны з работай мужа. Цяпер жанчына працуе ў адной з беларускіх арганізацый і адзначае, што тут усё робіцца для людзей.


"Вы - кумір майго бацькі", - прызналася яна.
"Я хацеў бы, каб яшчэ і вашым кумірам быў", - пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы і мой кумір. Калі я пераязджала ў Беларусь, бацька мне сказаў: "Ты павінна зрабіць фатаграфію з Аляксандрам Рыгоравічам". Можна?" - звярнулася з просьбай жанчына.
"Вядома, можна", - пагадзіўся Прэзідэнт.
Яшчэ адзін расіянін - жыхар горада Чэхава Маскоўскай вобласці - прыехаў у Беларусь адпачыць. "Самы спакойны і бяспечны адпачынак - у Беларусі", - сказаў ён.
"Прыязджайце часцей. У Вілейцы можна не толькі адпачыць, але і парыбачыць на вадасховішчы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.