Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

19 Ліс 2018

Беларусь прапануе свой удзел у інфраструктурных праектах у Азербайджане

Беларусь прапануе свой удзел у інфраструктурных праектах у Азербайджане

19 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь прапануе свой удзел у інфраструктурных праектах, якія рэалізуюцца на тэрыторыі Азербайджана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы гатовы ўдзельнічаць у інфраструктурных праектах у Азербайджане: будаўніцтве новых чыгунак, марскіх партоў, лагістычных цэнтраў", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Многае можна зрабіць разам і ў транспартна-лагістычнай сферы, упэўнены беларускі лідар.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў праведзеныя перагаворы з Ільхамам Аліевым як плённыя, у ходзе якіх пацверджаны стратэгічны характар, адсутнасць праблем у двухбаковых адносінах, а таксама наяўнасць добрай волі і імкнення да супрацоўніцтва. "Я вельмі цаню даверную і шчырую атмасферу сустрэч з маім калегам. Мы адкрыта і плённа абмяркоўваем усе без выключэння пытанні міжнароднага парадку дня", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле яго слоў, у ходзе перагавораў асноўная ўвага ўдзялялася паспяховаму гандлёва-эканамічнаму і інвестыцыйнаму супрацоўніцтву. Дасягнуты дамоўленасці, якія паслужаць дадатковым імпульсам для яго нарошчвання.

Выдатным прыкладам узаемавыгаднага супрацоўніцтва Прэзідэнт назваў работу Гянджынскага аўтамабільнага завода, на якім за адзінаццаць гадоў ужо сабрана больш за 10 тыс. трактароў "Беларус" і спецыяльнай тэхнікі на іх базе. Прадпрыемства таксама выпусціла больш як 3,5 тыс. аўтамабіляў і прычэпаў МАЗ. "Лакалізацыя складае ўжо амаль палову. Гэта красамоўна сведчыць пра вялікія магчымасці азербайджанскай прамысловаці і яе высокі кадравы патэнцыял", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"І з задавальненнем сёння даведаўся, што першыя беларускія збожжаўборачныя камбайны "Гомсельмаш" прыходзяць у Азербайджан разам з набываемымі вамі амерыканскімі і нямецкімі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб рэалізацыі сумесных праектаў, Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць экспартных паставак у трэція краіны. У гэтым напрамку прадпрыемствы Беларусі і Азербайджана працуюць ужо, рэалізуючы агульны праект па зборцы трактароў у Турцыі. "Гэта важны і перспектыўны напрамак, які мы будзем развіваць. І ён стаў магчымым дзякуючы пазіцыі Прэзідэнта Азербайджана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў інтарэс беларускага боку да азербайджанскіх інвестыцый і высакаякаснай прадукцыі.

Прэзідэнт Беларусі бачыць рэзервы супрацоўніцтва ў ахове здароўя, адукацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, спорце і турызме. "Рэалізацыя дасягнутых сёння дамоўленасцей дасць магчымасць зусім хутка ператварыць нашы намеры ў канкрэтныя справы. Напрыклад, ужо вядзецца работа па стварэнні ў Азербайджане сумеснага прадпрыемства па выпуску беларускіх лякарстваў. Абсалютна перакананы - не за гарамі рэалізацыя і іншых маштабных і цікавых праектаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Паміж нашымі краінамі няма нявырашаных пытанняў і закрытых тэм для абмеркавання. Беларусь і Азербайджан назаўсёды застануцца надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі. Перакананы, што традыцыйна плённае супрацоўніцтва, узаемная падтрымка будуць і ў далейшым адметнай рысай беларуска-азербайджанскіх адносін", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі