Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

23 Ліп 2013

Барыс Святлоў: Беларускія дыяспары могуць пашырыць прэзентацыйныя магчымасці нацыянальнай культуры за мяжой

Барыс Святлоў: Беларускія дыяспары могуць пашырыць прэзентацыйныя магчымасці нацыянальнай культуры за мяжой

23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дыяспары могуць пашырыць прэзентацыйныя магчымасці нацыянальнай культуры за мяжой. Такое меркаванне 23 ліпеня на адкрыцці VI З'езда беларусаў свету выказаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дыяспары таксама могуць умацоўваць аўтарытэт беларускай дзяржавы за мяжой, аб'ектыўна інфармаваць сусветную супольнасць аб працэсах культурнага будаўніцтва ў краіне, прыцягваць інвестыцыі ў нацыянальную культуру, падтрымліваць інтарэсы Беларусі на рынках іншых краін", - сказаў міністр. Паводле яго слоў, падтрымка дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў суайчыннікаў за мяжой, якіх налічваецца больш за 200, разглядаецца як неабходная ўмова дзяржаўнай палітыкі.

Барыс Святлоў адзначыў, што беларускія дыяспары з'яўляюцца неад'емнай часткай беларускага народа. "Мы будзем і далей старанна працаваць з дыяспарамі, аб'ектыўна інфармаваць іх аб тым, што адбываецца на радзіме, эфектыўна падтрымліваць кантакты з прадстаўнікамі і арганізацыйнымі структурамі беларусаў свету", - дадаў міністр.

Цяпер прадаўжаецца работа над дзяржаўнай праграмай "Беларусы ў свеце". Праект закона "Аб беларусах за мяжой" гатовы да разгляду Нацыянальным сходам. "Можна сказаць, што праграма рэалізуецца да яе афіцыйнага прыняцця, а праблем, якія нельга вырашыць без адпаведнага закона, няма. Работа з беларусамі, якія пражываюць за мяжой, праводзіцца бесперапынна", - заўважыў міністр.

Разам з тым ён заклікаў беларусаў свету наладзіць яшчэ больш актыўнае партнёрства з мясцовымі органамі ўлады і распрацаваць перспектыўныя планы ўзаемадзеяння. "У мэтах развіцця адраснага партнёрства Мінкультуры далучае да работы з беларусамі, якія пражываюць за мяжой, абласныя ўстановы культуры, але без зваротнай сувязі яны не змогуць працаваць", - удакладніў міністр.

Барыс Святлоў заўважыў, што адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства культуры з'яўляецца развіццё міжнароднага партнёрства і дэманстрацыя нацыянальных дасягненняў за мяжой. "Выніковай формай такой работы з'яўляюцца Дні культуры Беларусі ў замежных краінах і Дні культуры іншых дзяржаў у Беларусі. Паспяховасць рэалізацыі такога напрамку мы звязваем ў тым ліку з развіццём партнёрства з беларускімі дыяспарамі", - падкрэсліў міністр.

За мяжой пражываюць больш як 3,5 млн. этнічных беларусаў. Паводле слоў міністра, паказальна, што яны не забываюць аб сваіх каранях, не цураюцца сваёй самабытнасці.

У Мінску 23-24 ліпеня праходзіць VI З'езд беларусаў свету. Форум сабраў 254 дэлегаты з 21 краіны. У з'ездзе ўдзельнічаюць таксама прадстаўнікі міністэрстваў культуры, адукацыі, эканомікі і замежных спраў Беларусі, прадстаўнікі праваслаўнай і грэка-каталіцкай канфесій.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі