Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

16 Чэр 2015

Андрэйчанка выступае за пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Казахстанам

Андрэйчанка выступае за пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Казахстанам

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка выступае за пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Казахстанам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале з Уладзімірам Андрэйчанкам 16 чэрвеня пачала работу па праграме афіцыйнага візіту ў Казахстан. У час сустрэчы Уладзіміра Андрэйчанкі і старшыні Мажыліса парламента Казахстана Кабібулы Жакыпава, якой адкрыўся афіцыйны візіт, бакі адзначылі палітычныя кантакты паміж Беларуссю і Казахстанам, што паспяхова і інтэнсіўна развіваюцца, у тым ліку і па парламенцкай лініі. Прадстаўнікі дзвюх краін абмеркавалі шырокае кола пытанняў, звязаных з бягучай заканатворчай дзейнасцю, а таксама перспектывы ўзаемадзеяння ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях. "Уладзімір Андрэйчанка выказаўся за пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, умацаванне кааперацыйных сувязей, а таксама звярнуў увагу на гуманітарны складнік беларуска-казахстанскага ўзаемадзеяння, у тым ліку на такія напрамкі, як навука і тэхналогіі, адукацыя, культура і спорт", - падкрэслілі ў прэс-службе.

Важным крокам у напрамку ўмацавання міжпарламенцкага ўзаемадзеяння стала падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі і Мажылісам парламента Казахстана. У дакуменце падкрэсліваецца, што бакі і ў далейшым у рамках сваёй кампетэнцыі будуць садзейнічаць умацаванню і развіццю супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльна-культурнай, гуманітарнай і іншых сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

Таксама парламенцкая дэлегацыя Беларусі прыняла ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю Асамблеі народа Казахстана "Казахстанскі шлях: Адзінства. Патрыятызм. Рэформы". У выступленні на канферэнцыі Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што Асамблеі народа Казахстана належыць ключавая роля ў стварэнні мадэлі адзінства і талерантнасці ў Казахстане, рэалізацыі ўзважанай нацыянальнай палітыкі. Пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, як падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка, гэты ўнікальны палітычны інстытут праводзіць вялікую работу па адраджэнні нацыянальнай самасвядомасці, забеспячэнні няўхільнага выканання правоў і свабод грамадзян незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сустрэўся з прэм'ер-міністрам Казахстана Карымам Масімавым. Асноўнай тэмай сустрэчы сталі пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам і перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў у сферы прамысловай кааперацыі.

Прадаўжаючы работу ў напрамку заахвочвання праектаў прамысловай кааперацыі, старшыня Палаты прадстаўнікоў прыняў удзел у цырымоніі закладкі капсулы на месцы будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці самазвальнай і камунальнай тэхнікі на базе шасі Мінскага аўтамабільнага завода. Уладзімір Андрэйчанка падзякаваў казахстанскім партнёрам, пасольству Беларусі ў Казахстане і прадстаўнікам Мінскага аўтамабільнага завода за праведзеную работу і выказаў упэўненасць, што беларуская тэхніка будзе запатрабавана ў Казахстане.

У гэты ж дзень Андрэйчанка сустрэўся са старшынёй Жагорку Кенеша Кыргызскай Рэспублікі Асылбекам Жээнбекавым. Бакі абмеркавалі стан беларуска-кыргызстанскіх адносін, перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама шэраг іншых пытанняў, што ўяўляюць узаемны інтарэс.

Акрамя таго, Уладзімір Андрэйчанка прыняў удзел у цырымоніі ўскладання кветак да манумента "Абаронцам Айчыны" ў Астане.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі