Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

24 Врс 2019

Андрэйчанка: ініцыятыва Беларусі аб перазапуску Хельсінкскага працэсу атрымлівае ўсё большую падтрымку

Андрэйчанка: ініцыятыва Беларусі аб перазапуску Хельсінкскага працэсу атрымлівае ўсё большую падтрымку
Фота з архіву

24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ініцыятыва Беларусі аб перазапуску Хельсінкскага працэсу атрымлівае ўсё большую падтрымку ў міжнароднай супольнасці. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на IV Нарадзе спікераў парламентаў краін Еўразіі на тэму "Вялікая Еўразія: Дыялог. Давер. Партнёрства" ў Нур-Султане, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Тэма, якая абмяркоўваецца на цяперашняй нарадзе, датычыцца самага важнага, што хвалюе сёння людзей. Гэта мір, бяспека, свабоднае развіццё, адмаўленне ад устарэлых догмаў і памылковых стэрэатыпаў. Спікер падкрэсліў, што адзіны спосаб пазбегнуць найгоршага развіцця сітуацыі - неадкладна сесці за стол перагавораў. Пры гэтым, на думку Уладзіміра Андрэйчанкі, важна пачуць голас тых дзяржаў, якія, не маючы глабальных амбіцый, гатовы і могуць выступаць актыўнымі суб'ектамі пабудовы новай архітэктуры сусветных адносін на прынцыпах добрасуседства, раўнапраўя, узаемнага даверу і развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. "Менавіта гэты тэзіс ляжыць у аснове ініцыятывы кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі аб перазапуску Хельсінкскага працэсу, якая атрымлівае ўсё большую падтрымку ў міжнароднай супольнасці", - адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Ён выказаў упэўненасць, што самым лепшым гарантам бяспекі і захавання міру з'яўляюцца трывалыя эканамічныя сувязі, інтэнсіўны абмен ведамі, тэхналогіямі, міжкультурная камунікацыя. "Задача парламентарыяў - не проста канстатаваць падзеі, што адбываюцца, а актыўна садзейнічаць станаўленню новых эканамічных адносін, робячы гэты працэс больш прадказальным, узаемавыгадным, адпаведным нацыянальным інтарэсам і рэальна працуючым на павышэнне якасці жыцця грамадзян усіх краін без выключэння", - лічыць Уладзімір Андрэйчанка.

"Менавіта канструктыўнае супрацоўніцтва ў галіне эканомікі дае магчымасць сціраць палітычныя межы, устараняць ідэалагічныя штампы і міфалагемы, уносячы тым самым рэальны ўклад ва ўмацаванне ўзаемнага даверу, забеспячэнне бяспекі і зняцце міжнародных канфліктаў", - дадаў ён.

Беларусь прытрымліваецца гэтай пазіцыі і актыўна развівае яе ў сусветнай супольнасці. "Дзякуючы няўхільнаму выкананню ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў, рэалізацыі мірных ініцыятыў і трывалай рэпутацыі донара рэгіянальнай бяспекі, Мінск усё часцей становіцца месцам абмеркавання самых важных праблем міжнароднага парадку дня", - звярнуў увагу спікер.

Чарговай такой падзеяй стала праведзеная нядаўна ў сталіцы Беларусі міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню пад эгідай ААН "Барацьба з тэрарызмам з дапамогай новых і ўзнікаючых тэхналогій". У час гэтага форуму Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выступіў з новай ініцыятывай: фарміраванне пояса лічбавага добрасуседства. "Яе сутнасць - заключэнне міждзяржаўных і іншых пагадненняў аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, заснаваных на ідэях лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, што гарантуюць неўмяшанне краін у інфармацыйныя рэсурсы адна адной", - нагадаў спікер і выказаў надзею, што гэта ініцыятыва атрымае і падтрымку ўдзельнікаў нарады.

Правядзенне такога прадстаўнічага форуму ў Нур-Султане Уладзімір Андрэйчанка назваў яшчэ адным сведчаннем прыхільнасці кіраўніцтва Казахстана да вырашэння найскладанейшых пытанняў сусветнай палітыкі на аснове раўнапраўя, дыялогу і даверу.

Да пачатку мерапрыемства Уладзімір Андрэйчанка правёў сустрэчу са старшынёй Сената парламента Казахстана Дарыгай Назарбаевай. Бакі абмеркавалі пытанні міжпарламенцкага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў сферах экалогіі, гандлю, эканомікі, лічбавага парадку дня, культуры. Беларускі спікер павіншаваў Дарыгу Назарбаеву з выбраннем на пасаду старшыні Сената і запрасіў наведаць Беларусь з візітам.

Як паведамлялася, Уладзімір Андрэйчанка 23-24 верасня прымае ўдзел у IV Нарадзе спікераў парламентаў краін Еўразіі, якая праходзіць у Нур-Султане па тэме "Вялікая Еўразія: Дыялог. Давер. Партнёрства". Аб сваім удзеле ў форуме заявілі парламенты 59 дзяржаў, у тым ліку 47 - на ўзроўні спікераў і віцэ-спікераў, 13 міжнародных і міжпарламенцкіх арганізацый. Мерапрыемства накіравана на наладжванне прамога шматбаковага дыялогу паміж заканадаўчымі органамі дзяржаў Еўропы і Азіі, а таксама міжнароднымі і міжпарламенцкімі арганізацыямі ў мэтах забеспячэння плённага супрацоўніцтва краін Еўразіі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі