10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прапануе паглядзець анлайн знакавыя спектаклі з фонду тэатра. Унікальнасць дыстанцыйнага прагляду ў тым, што гэтыя пастаноўкі больш не пакажуць на сцэне, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
"Студзень мы вырашылі прысвяціць даволі лірычным і вельмі розным творам. На працягу месяца вы зможаце ўбачыць спектаклі "Неба ў дыяментах", "Нязваны госць" і "Дзённік паэта", - сказалі арганізатары.
Сямейная меладрама "Нязваны госць", запісаная ў 2016 годзе, мае ўзроставае абмежаванне 18+. У цэнтры сюжэту мужчына, які ўцякае ад мужа сваёй палюбоўніцы. У гэтых экстрэмальных умовах з ім адбываюцца нечаканыя абставіны.
"Неба ў дыяментах" паводле твораў Антона Чэхава прапануюць паглядзець у запісе 2010 года. "Жанчына прагне кахання, імкнецца знайсці свайго ўпэўненага і надзейнага мужчыну. Але мужчына, як вядома, да такіх прапаноў звычайна не гатовы. У спектаклі шмат акцёрскай імправізацыі і арыгінальнай рэжысуры. Неадназначны і пранізлівы спектакль", - дадалі ў тэатры.
Пастаноўка "Дзённік паэта" даступна ў запісе 2015 года. У цэнтры ўвагі публікі - Максім Багдановіч і замалёўкі з яго жыцця, узятыя з раней неапублікаванага асабістага дзённіка. Рэжысёр спектакля ставіў перад сабой шмат пытанняў: якім быў сапраўдны Максім Багдановіч, дзеля чаго ён жыў, пра што марыў і як уяўляў каханне. Драматычная задума аўтара падзяляе дзеянне на дзве часткі. Першая паказвае гледачу жыццё паэта, падзеі, пачуцці і перажыванні, пра якія ён пісаў у дзённіку. Другая частка знаёміць з лёсам дзённіка і паказвае відавочныя адрозненні ў адносінах да чалавечых каштоўнасцей і пачуццяў у нашы дні і стагоддзі таму. Дзякуючы пластычнаму рашэнню і музыцы спектакль пераносіць гледачоў у свет самых тонкіх перажыванняў герояў.
Спасылкі на прагляд можна знайсці на афіцыйным сайце РТБД.