Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Nov 2018

Знадворныя работы па аднаўленні паўночнай вежы Гальшанскага замка завершаць да канца года

Знадворныя работы па аднаўленні паўночнай вежы Гальшанскага замка завершаць да канца года

28 лістапада, Ашмяны /Кар. БЕЛТА/. Знадворныя работы па аднаўленні паўночнай вежы і муравання сцен Гальшанскага замка плануецца завяршыць да канца года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Ашмянскім райвыканкаме.

На рэстаўрацыю замка XVII стагоддзя ў Гальшанах быў выдзелены грант з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў памеры Br250 тыс. Работы актыўна вядуцца з вясны. Аднаўляюцца паўночная вежа - элемент, які найбольш захаваўся, а таксама прылеглыя да яе сцены, астатнюю частку замка закансервуюць.

"Падрыхтоўчы этап - праектаванне, архіўнае даследаванне і вывучэнне, археалагічнае суправаджэнне - быў раней праведзены па праграме "Культура Беларусі". Таксама было расчышчана падножжа сцен замка: ён нават крыху "падрос", - расказаў метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік.

У час гэтых работ правялі і сартаванне адколатай цэглы, якая некалі ўпала. Цяпер яна выкарыстоўваецца для аднаўлення вежы і сцен. Яе называюць "пальчатка", таму што на цэгле бачны баразёнкі ад пальцаў тых, хто яе вырабляў некалькі стагоддзяў таму. Дарэчы, для работы выкарыстоўваюць спецыяльныя растворы і грунтоўкі, якія не толькі ствараюць эфект даўніны, але абараняюць і захоўваюць аўтэнтычныя цэглу і элементы.

"Выканана гідраізаляцыя фундамента, адноўлена мураванне сцен, сцены ўзмоцнены і фрагментамі атынкаваны, адноўлена кроквенная сістэма, пакладзена чарапіца, усталяваны флюгер. Па праекце завершаны знадворныя работы будуць да канца года", - расказаў Сяргей Жылік. Плануецца, што хутка будзе зманціравана і знадворная лесвіца, якая дасць магчымасць наведваць другі і трэці ўзроўні вежы. Цікава, што першапачаткова сувязі паміж паверхамі ўнутры вежы не было. На іх траплялі з размешчанага побач корпуса, які цяпер разбураны.

На 2019 год запланаваны работы па ўнутранай аддзелцы вежы: уладкаванне адкосаў, скляпенняў, тынкоўка сцен, роспіс, стварэнне ляпнога дэкору, каміна, укладка пліткі на падлогу. У перспектыве тут размесціцца музей.

"Пад музейныя памяшканні будуць задзейнічаны тры ярусы вежы і падвал. Напрыклад, у падвальным памяшканні будзе створана інтэрактыўная экспазіцыя па матывах легенды пра белую даму і чорнага манаха. Магчымы і тэатральныя пастаноўкі на гэту тэму", - адзначыў Сяргей Жылік. У музеі таксама будуць прадстаўлены артэфакты, якія былі знойдзены ў час археалагічных пошукаў у замку. Адновяць і інтэр'ер вежы, раскажуць пра уладальнікаў замка род Сапегаў, гісторыю Гальшан. Асобная экспазіцыя будзе прысвечана замку ў перспектыве часу: ад мінулага да будучыні. У далейшым будзе добраўпарадкавана тэрыторыя вакол замка, адноўлены маляўнічыя сажалкі.

Гальшаны застаюцца знакавым аб'ектам не толькі для раёна, але і для ўсёй Гродзенскай вобласці. Аднаўленне замка, лічаць тут, дазволіць прыцягнуць большую колькасць турыстаў, якія цікавяцца не толькі архітэктурай, але і легендамі, гісторыяй. Дзякуючы раману Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі" створаны своеасаблівы брэнд Гальшан і замка.

Запатрабаваны і такі від турызму, як падзейны. У 2019 года тут пройдзе дзясяты юбілейны фестываль сярэдневяковай культуры "Гальшанскі замак" з яркай музычнай, анімацыйнай праграмай.

Ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама расказалі, што актыўна працягваюцца рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы адразу на некалькіх важных архітэктурных помніках рэгіёна, напрыклад, у Старым замку ў Гродне, Лідскім замку, палацава-паркавым комплексе Свяцк, Каложскай царквы XII стагоддзя ў абласным цэнтры.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі