Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Чэр 2021

"Зямля: адна планета на ўсіх" - выстаўка да Сусветнага дня навакольнага асяроддзя адкрылася ў НББ


2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэматычная выстаўка "Зямля: адна планета на ўсіх", прысвечаная Сусветнаму дню навакольнага асяроддзя, адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Сусветны дзень навакольнага асяроддзя быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН 15 снежня 1972 года на 27-й сесіі, дзе таксама была заснавана Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЭП) - новая арганізацыя, пад эгідай якой гэты дзень штогод адзначаецца 5 чэрвеня.

"Вызначаючы глабальны экалагічны парадак дня і садзейнічаючы рэалізацыі экалагічнага кампанента канцэпцыі ўстойлівага развіцця, ЮНЭП выступае аўтарытэтным абаронцам інтарэсаў навакольнага асяроддзя ва ўсім свеце. У сакавіку 2019 года, па ініцыятыве Сальвадора, падтрыманай больш як 70 краінамі, Генеральная асамблея ААН абвясціла 2021-2030 гады дзесяцігоддзем аднаўлення экасістэм", - расказалі арганізатары.

Экасістэмы падтрымліваюць усё жывое на Зямлі. "Чым здаравейшыя экасістэмы, тым здаравейшыя планета і чалавецтва. Лясы забяспечваюць пітной вадой трэць найбуйнейшых гарадоў свету і з'яўляюцца домам для 80 працэнтаў земнаводных, 75 працэнтаў птушак і 68 працэнтаў млекакормячых. Тарфянікі захоўваюць каля 30 працэнтаў усяго глебавага вугляроду. Дрэвы, якія растуць на вуліцах, зніжаюць максімальную летнюю тэмпературу паветра прыкладна на 0,5 - 2 градусы, што станоўча ўплывае на жыццё не менш як 68 млн чалавек. Нарэшце, палова сусветнага ВУП залежыць ад прыроды. Усе ўкладзеныя ў аднаўленне экасістэм фінансавыя сродкі маюць шанц вярнуцца 30-разовай эканамічнай выгадай. Гэта пасадзейнічае дасягненню да 2030 года ўсіх 17 мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця, уключаючы ліквідацыю беднасці і голаду", - адзначылі ў бібліятэцы.

Мэтай дзесяцігоддзя ААН з'яўляецца імкненне прадухіліць, спыніць і павярнуць назад дэградацыю экасістэм на ўсіх кантынентах і ў сусветным акіяне. Поспех гэтага пачынання залежыць ад удзелу кожнага чалавека. Менавіта гэта стала афіцыйнай тэмай Сусветнага дня навакольнага асяроддзя 2021 года.

"Пад дэвізам "Пераасэнсаваць. Узнавіць. Аднавіць" Праграма ААН па навакольным асяроддзі запрашае ўсіх і кожнага далучыцца да сусветнай кампаніі па вяртанні да жыцця дэградаваных экасістэм: лясоў, сельскагаспадарчых угоддзяў, лугоў і саван, рэк і азёр, акіянаў і ўзбярэжжаў, пасёлкаў і гарадоў, тарфянікаў і гор. Падтрымліваючы лакальныя праекты па захаванні і адраджэнні навакольнага асяроддзя, пераглядаючы спажывецкія прывычкі на карысць больш адказнага выбару, высаджваючы дрэвы, чысцячы берагі рэк або проста даючы прыродзе магчымасць для самааднаўлення, мы садзейнічаем павышэнню каштоўнасці мясцовых экасістэм для грамадства і захаванню біялагічнай разнастайнасці", - упэўнены арганізатары.

На выстаўцы прадстаўлена звыш 80 дакументаў на рускай і англійскай мовах: кнігі, брашуры, афіцыйныя матэрыялы ААН, перыядычныя выданні. Экспазіцыя зацікавіць вучоных, выкладчыкаў, студэнтаў, спецыялістаў у галіне прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя і ўсім, хто цікавіцца экалагічнымі праблемамі і праблемай захавання біялагічнай разнастайнасці нашай планеты.

Азнаёміцца з экспанатамі можна будзе па 13 ліпеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі