Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Май 2022

Жывапіс, скульптура, графіка: у Мінску адкрыецца маштабная выстава аб Вялікай Айчыннай вайне

Жывапіс, скульптура, графіка: у Мінску адкрыецца маштабная выстава аб Вялікай Айчыннай вайне
Фота з архiва

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маштабная выстава аб Вялікай Айчыннай вайне адкрыецца 5 мая ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва) у Мінску, паведаміла журналістам першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" Наталля Шаранговіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Заўтра ў рамках Года гістарычнай памяці мы адкрываем вялікую выставу, якая называецца "Памяць пакаленняў". Праграма падрыхтавана да Дня Перамогі, - сказала Наталля Шаранговіч. - Гэта выстава аб тым, як мастакі ваеннага і пасляваеннага часу, а таксама сучасныя мастакі інтэрпрэтуюць тэму вайны. Вельмі цікава паглядзець, як развівалася ўяўленне аб тых ваенных падзеях у розных мастакоў - старэйшага і малодшага пакалення. Усе яны будуць прадстаўлены на нашай выставе".

Паводле слоў першага намесніка старшыні, экспазіцыя будзе цікавая тым, што яна шматсастаўная. Будуць паказаны работы з фондаў Беларускага саюза мастакоў. У нас цудоўныя фонды, мы не раз аб гэтым гаварылі. У іх захоўваецца вельмі шмат работ мастакоў, якія ў тым ліку былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны", - расказала Наталля Шаранговіч. Таксама будуць прадстаўлены работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Такім чынам, наведвальнікі змогуць убачыць цікавы, даволі поўны разрэз аўтараў, творчасць якіх прысвечана менавіта гэтай тэматыцы.

Акрамя таго, будзе прадстаўлена скульптура, графіка. "Я вельмі рада, што мы ўбачым творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Будуць габелены, кераміка і нават шкло", - адзначыла першы намеснік старшыні.

Да ўдзелу запрошаны не толькі мінскія аўтары. "Мы хочам аб'яднаць мастакоў, якія працуюць не толькі ў сталіцы, але і за яе межамі. У нашых абласных гарадах шмат цікавых і яркіх імён. Таму ў нас будуць мастакі з Гомельскай вобласці, іх даволі шмат. Дарэчы, колькасць мастакоў, якія займаюцца тэмай Вялікай Айчыннай вайны, у Гомельскай вобласці ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі аказалася самай вялікай", - падкрэсліла Наталля Шаранговіч. Будуць аўтары з Магілёва, Бабруйска. Арганізатары тым самым маюць намер паказаць, што тэма вайны аб'ядноўвае мастакоў розных пакаленняў, якія жывуць у розных абласцях дзяржавы, удакладніла першы намеснік старшыні.

Паводле яе слоў, упершыню будзе прадстаўлены раздзел, прысвечаны двум вялікім аб'яднанням, якія ўваходзяць у склад Саюза мастакоў, - Мастацкаму і Скульптурнаму камбінатам. Імі створаны многія манументальныя творы, якія цяпер упрыгожваюць не толькі Мінск, але і з'яўляюцца нацыянальным здабыткам краіны ў цэлым. Прадстаўнікі гэтых камбінатаў стваралі яркае мастацкае афармленне шматлікіх аб'ектаў, звязаных з тэмай Вялікай Айчыннай вайны. "Аб гэтым, на жаль, мала хто ведае. Мы і самі ўражаны тым, што, аказваецца, нашы камбінаты маюць доўгую традыцыю работы з помнікамі, прысвечанымі вайне", - заўважыла Наталля Шаранговіч.

Яна лічыць, што атрымаецца суцэльная шматпланавая выстава, якая дасць гледачу ўяўленне аб тым, якім чынам беларускія мастакі ў розны час падыходзілі да гэтай тэмы.

Выставу плануюць паказаць не толькі ў Мінску. Сталіца стане пачатковым пунктам. Адразу пасля дэманстрацыі ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі выстава будзе падзелена на тры роўныя часткі і адкрыецца ў трох розных месцах: Бабруйскім мастацкім музеі, Слуцкай карціннай галерэі і Валожынскім краязнаўчым музеі. "Такі "салют" прагучыць па рэспубліцы. Далей выстава паедзе па іншых рэспубліканскіх мастацкіх, краязнаўчых музеях. Мы хацелі б, каб тэму вайны вачамі нашых аўтараў убачылі ў розных частках Беларусі", - сказала на заканчэнне Наталля Шаранговіч.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі