Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

7 Май 2015

Зборная Беларусі па хакеі перамагла каманду ЗША на ЧС-2015 і выйшла на 1-е месца ў групе В

7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты нацыянальнай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету-2015 у Чэхіі 7 мая перамаглі зборную ЗША ў матчы чацвёртага тура папярэдняга раўнда ў групе В і выйшлі ў ёй на першае месца, набраўшы 10 ачкоў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Беларускія хакеісты ўпершыню ў гісторыі атрымалі перамогу над амерыканскай дружынай.

ЗША - Беларусь - 2:5 (0:0, 1:3, 1:2).

Острава. "CEZ-Арэна".

ЗША: Кэмпбэл; Фолк - Круг, Баніна - Морын - Лі; Джоўнс - Райлі, Сміт - Весі - Аркабела; Мерфі - Мур, Айкэл - Льюіс - Нелсан; Рэдманд - Гардзінер, Ларкін - Хендрыкс (к) - Секстон.

Беларусь: Лаланд; І.Усенка - Корабаў, А.Касціцын - Калюжны (к) - С.Касціцын; Стасенка - Явенка, Дрозд - А. Стась - Гаўрус; Шынкевіч - Лісавец, Кулакоў - Кавыршын - А.Сцяпанаў; Арц.Волкаў - Кітараў - Дзямкоў; Усціненка, Яфіменка.

Шайбы: 0:1 - Гаўрус (Лісавец, Шынкевіч, 31.11), 0:2 - Арц. Волкаў (С.Касціцын, 33.01), 0:3 - Кітараў (С.Касціцын, 36.06), 1:3 - Нелсан (Айкел, 37.21), 1:4 - Калюжны (А.Касціцын, І.Усенка, 41.15, у большасці 5 на 3), 2:4 - Круг (Айкел, Льюіс, 45.35, у большасці), 2:5 - Калюжны (А.Касціцын, Лісавец, 48.23).

Кідкі: 18 - 28.

Штраф: 8 - 10.

Адзіным змяненнем у складзе беларускай зборнай у параўнанні з папярэднім матчам супраць датчан стала з'яўленне ў заяўцы форварда Аляксея Яфіменкі. Ён замяніў калегу па амплуа Сяргея Дзямагіна, у якога ўзніклі праблемы са здароўем.

Амерыканцы, якія лідзіравалі ў групе В папярэдняга раўнда, адразу ж пасля стартавага ўкідвання прыняліся пацвярджаць свой фаварыцкі статус і пачалі гуляць на вельмі высокіх скарасцях. Для беларускай зборнай пачатак гульні быў вельмі цяжкі. Раз-пораз галкіперу Кевіну Лаланду даводзілася ўступаць у гульню, адбіваючы небяспечныя кідкі. Некалькі сэйваў у яго выкананні аказаліся не проста эфектнымі, але і вельмі важнымі. Тады ігракі заакіянскай дружыны ўпускалі практычна стопрацэнтныя моманты. На экватары стартавай 20-мінуткі па кідках беларусы ўступалі сапернікам 1-7. Такую няўдачную статыстыку падапечным Дэйва Льюіса ўдалося крыху падкарэкціраваць у другой палавіне першага перыяду. Яны змаглі арганізаваць некалькі небяспечных контратак, а затым і панепакоіць кідкамі варатара зборнай ЗША Джэка Кэмпбэла пры гульні ў большасці.

У канцы стартавай трэці беларуская каманда яшчэ раз атрымала колькасную перавагу, аднак ні да сірэны на перыпынак, ні ў пачатку наступнай 20-мінуткі не змагла засмуціць апанентаў. Пасля таго амерыканскія хакеісты зноў паспрабавалі гуляць на высокіх скарасцях і прэсінгаваць беларусаў, да чаго апошнія аказаліся гатовы. Сапернікі падтрымлівалі высокі гульнявы тэмп, у выніку чаго небяспека ўзнікала як каля адных, так і каля другіх варот. Цудоўны шанц адкрыць лік у матчы ўпусціў форвард зборнай ЗША Джымі Весі. Ён пабег у булітны выхад да беларускіх варот, аднак прайграў дуэль Кевіну Лаланду. Пасля таго эпізоду нулі на табло захоўваліся нядоўга. Ініцыятывай у змяненні ліку завалодалі беларусы. На 32-й, 34-й і 37-й мінутах яны тройчы запар вызначыліся закінутымі шайбамі. Дзве з іх былі праведзены ў падобным ключы пасля праходу ігракоў па правым флангу. У першым выпадку Артур Гаўрус атрымаў дакладны пас праз борт ад абаронца са сваёй зоны і, не збліжаючыся з варатаром, адправіў шайбу ў далёкі вугал. У эпізодзе другога ўзяцця амерыканскіх варот Сяргей Касціцын таксама праз борт даў перадачу Арцёму Волкаву, які з фланга выехаў на свабодны пятачок і другі раз засмуціў Кэмпбэла. Да трох шайбаў перавагу беларусаў давёў Аляксандр Кітараў. Пасля выхаду з ліку аштрафаваных ён гуляў у контратацы. Кітараў падабраў каля борта шайбу, якую ў сваёй зоне перахапіў Сяргей Касціцын. Прарваўшыся па тым жа правым флангу, Аляксандр кінуў, а потым рэзультатыўна згуляў на дабіванні.

Да наступнага перапынку гледачы ўбачылі і адну шайбу ў беларускіх варотах, аўтарам якой стаў Брок Нелсан. Папярэднічала голу страта шайбы ў сваёй зоне абаронцам Алегам Явенкам. Яе падхапіў Джэк Айкел, пабег да варот і аддаў перадачу на далёкую штангу партнёру, а той бесперашкодна расстраляў пусты вугал.

Трэці перыяд пачаўся з "халоднага душу" для каманды ЗША. Ужо на стартавай яго мінуце заакіянская дружына засталася ўтраіх супраць пяцярых беларусаў і паплацілася за парушэнні правіл. Аўтарам гола стаў капітан зборнай Беларусі Аляксей Калюжны. Ён рабіў прастрэл з правага фланга ўздоўж варот, а амерыканскі абаронца Бэн Сміт няўдачна падставіў клюшку пад шайбу, ад якой тая зрыкашэціла ў рамку. Так, зборная Беларусі ўпершыню на турніры рэалізавала колькасную перавагу. Далей падапечным Дэйва Льюіса было наканавана і ўпершыню на чэмпіянаце прапусціць у меншасці ад абаронца Торы Круга. Менш чым праз тры мінуты амерыканская абарона дапусціла чарговую памылку, вынікам якой стаў пяты гол беларусаў. Аляксей Калюжны з левага фланга выйшаў адзін на адзін з галкіперам і перайграў яго кідком нізам. Галявы пас капітану аддаў Андрэй Касціцын. Як аказалася, гэты эпізод быў апошнім рэзультатыўным у матчы. Лепшымі ігракамі ў складах каманд пасля фінальнай сірэны былі прызнаны Аляксей Калюжны і Марк Аркабела.

Да гэтага матчу каманды Беларусі і ЗША сустракаліся паміж сабой сем разоў на турнірах рознага ўзроўню, уключаючы Алімпійскія гульні і чэмпіянаты свету ў элітным дывізіёне, і ва ўсіх папярэдніх матчах перамога нязменна была на баку амерыканцаў.

На гэты момант на ЧС-2015 хакейная зборная Беларусі пасля трох перамог над камандамі Славеніі (4:2), Даніі (5:1) і ЗША (5:2), а таксама паражэння ад зборнай Славакіі (1:2, у авертайме) набрала 10 ачкоў і ўзначаліла табліцу групы В. Пасля гульнявога дня 7 мая беларуская дружына застанецца яе лідарам.

Наступны матч на чэмпіянаце зборная Беларусі згуляе 9 мая супраць каманды Расіі (пачатак у 13.15 па мінскім часе).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі