Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Май 2019

Харанека ўстанавіў 160-ы рэкорд у кар'еры і прысвяціў гэта дасягненне 75-годдзю вызвалення Беларусі

Харанека ўстанавіў 160-ы рэкорд у кар'еры і прысвяціў гэта дасягненне 75-годдзю вызвалення Беларусі

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядомы беларускі асілак Вячаслаў Харанека ўстанавіў 160-ы рэкорд у кар'еры. Адбылося гэта сёння ў час XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларускі атлет, які прыехаў на выстаўку па запрашэнні Беларускага тэлеграфнага агенцтва, здолеў падняць гіру вагой 32 кг 554 разы лежачы на працягу 15 мінут. Сваё чарговае дасягненне Вячаслаў Харанека прысвяціў 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Рэкорд Вячаслава Харанекі быў устаноўлены на галоўнай сцэне выставачнага комплексу і сабраў унушальную групу падтрымкі.

Легендарны асілак, выкладчык Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі пасля выступлення адзначыў атмасферу выстаўкі і падтрымку гледачоў. "Да гэтага рэкорду рыхтаваўся яшчэ з выступлення на чэмпіянаце краіны ў Асіповічах і падышоў у добрай форме. На выстаўцы святочная абстаноўка, шмат гледачоў, прадстаўнікоў СМІ, і я проста не мог падвесці. Сваё дасягненне хачу прысвяціць знакавай падзеі - 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзякуючы подзвігу дзядоў і прадзедаў мы сёння можам ствараць, вучыцца, выступаць, дабівацца поспехаў у самых розных сферах, ды і, нарэшце, проста жыць", - сказаў Вячаслаў Харанека. Дарэчы, атлет з'яўляецца ўдзельнікам эстафеты агню II Еўрапейскіх гульняў, які будзе запалены сёння ў Рыме. Ён прабяжыць з факелам на сваёй малой радзіме ў Бабруйску.

Разам са знакамітым асілкам сваё майстэрства прадэманстравалі гіравікі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, якія выконвалі розныя практыкаванні са спартыўнымі снарадамі. Акрамя таго, кожны наведвальнік выстаўкі мог паспрабаваць сябе ў падняцці гіры рознай вагі.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва ў час выстаўкі "СМІ ў Беларусі" ўдзяляе асаблівую ўвагу папулярызацыі здаровага ладу жыцця. На пляцоўцы БЕЛТА выступілі таксама юныя веласіпедысты дзіцячага фонду "Белы Бусел", які актыўна падтрымлівае развіццё фізкультуры і спорту сярод дзяцей. Сёння адбылася прэзентацыя мультымедыйнага праекта БЕЛТА "Старонкі беларускага спорту", прысвечанага маючым адбыцца II Еўрапейскім гульням. У другой палавіне дня супрацоўнікі агенцтва раскажуць і пра цыкл артыкулаў "Насустрач II Еўрапейскім гульням".

XХIII Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праходзіць па 4 мая ў Мінску. У ёй удзельнічаюць больш за 50 экспанентаў, якія прадстаўляюць сродкі масавай інфармацыі Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі, Узбекістана і Кітая. Выстаўка праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, Нацыянальнага выставачнага цэнтра "Белэкспа", іншых органаў дзяржкіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі