Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Sep 2020

Выстава жывапісу і графікі да Дня Незалежнасці Узбекістана адкрылася ў Мінску

Выстава жывапісу і графікі да Дня Незалежнасці Узбекістана адкрылася ў Мінску

2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу і графікі мастака Уладзіміра Гладкова, прысвечаная Дню Незалежнасці Узбекістана, адкрылася ў штаб-кватэры СНД у Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыі прадстаўлены творы жывапісу і графікі, сярод якіх тэматычныя кампазіцыі, бытавыя замалёўкі, партрэты і пейзажы. У іх раскрыты гістарычны ўклад жыцця, каларыт, самабытнасць і нацыянальныя традыцыі народаў Цэнтральнай Азіі - рэгіёна, дзе нарадзіўся Уладзімір Гладкоў.

Як адзначыў у час цырымоніі адкрыцця выставы пасол Узбекістана ў Беларусі Насірджан Юсупаў, нашы краіны звязваюць братэрскія адносіны. "Нават тое, што мы прымеркавалі святкаванне Дня Незалежнасці Узбекістана да адкрыцця выставы беларускага мастака, які тварыў ва Узбекістане, сведчыць аб тым, што нашы народы маюць вельмі цесную сувязь, старадаўнія дружалюбныя карані", - сказаў ён.

Пасол адзначыў: Беларусь і Узбекістан зацікаўлены супрацоўнічаць абсалютна ва ўсіх сферах. "У першую чаргу, вядома, эканоміка вызначае многае. У нас вельмі добра развіваюцца эканамічныя сувязі. І калі б не пандэмія, то лічбы былі б больш важкімі, але нават нягледзячы на гэта, мы тэмпы тавараабароту захавалі. Цяпер ва Узбекістане паспяхова працуюць 80 прадпрыемстваў з удзелам беларускага капіталу. Нашы эканомікі не канкурыруюць, яны ўзаемадапаўняльныя, - падкрэсліў ён. - Іншы цікавы напрамак - падрыхтоўка кадраў. Беларусь заўсёды славілася сваімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Ва Узбекістане вельмі высокая нараджальнасць і патрэбнасць у вышэйшай адукацыі вялікая. І ВНУ Беларусі і Узбекістана распрацавалі сумесныя праграмы навучання студэнтаў з Узбекістана. Пачынаючы з гэтага года, будзе функцыянаваць Беларуска-ўзбекскі тэхнічны ўніверсітэт, які будзе рыхтаваць інжынераў вышэйшай кваліфікацыі. Гэта таксама вельмі цікавы прыклад і мы вельмі хочам, каб гэтыя сувязі атрымалі далейшае развіццё".

Мастак Уладзімір Гладкоў нарадзіўся ў 1947 годзе ў Туркменістане. Творчае станаўленне адбывалася на багатай гісторыяй і каляровымі кантрастамі зямлі Узбекістана. З 2002 года Уладзімір Гладкоў жыве і працуе ў Мінску, але і ўдалечыні ад Цэнтральнай Азіі захоўвае прыхільнасць да нацыянальных традыцый, пераканаўча паказваючы ў работах яркую самабытнасць Усходу ў жывапісе і графіцы.

За час творчай дзейнасці мастак правёў больш за 15 персанальных выставак у Ташкенце, Мінску, Афінах. У 1988 годзе ён быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР, у 1998 годзе стаў членам Міжнароднага саюза дызайнераў. У галіне распрацоўкі музейных экспазіцый і ландшафтнага дызайну стварыў больш за 30 аб'ектаў. Работы аўтара знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Грэцыі, Італіі, Японіі, Венгрыі, Германіі, Аўстраліі, Англіі, Расіі, Узбекістане, Беларусі, у дырэкцыі выставак і панарам Міністэрства культуры Узбекістана, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і многіх іншых месцах. Мастак перадаў у фонды 32 карціны з выявай Аральскага мора. Серыя каштоўная тым, што напісана з натуры, а вадаёма ўжо не існуе.

Экспазіцыю карцін дапаўняе выстава мастацкіх альбомаў з фондаў Музея гісторыі СНД Выканкама Садружнасці і Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі. Выстава падрыхтавана пры садзейнічанні пасольства Узбекістана ў Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі